«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў
З 9 па 14 жніўня фонд «Байсол» арганізуе розыгрыш, на якім будзе прадстаўлены ўнікальны лот — лімітаваная мадэль гадзінніка, створаная літоўскім вытворцам Vostok Europe адмыслова да пяцігоддзя дзейнасці фонду. Кампанія актыўна падтрымлівае Украіну і Вольную Беларусь.
Гадзіннік мае корпус дыяметрам 43 мм, выраблены з нержавеючай сталі чорнага колеру. Ён воданепранікальны да глыбіні 200 метраў (20 БАР), што дазваляе выкарыстоўваць яго нават для прафесійнага дайвінгу. Унутры — надзейны японскі механа-кварцавы механізм.
Усяго выраблена пяць экзэмпляраў гэтай мадэлі, кожны з якіх мае свой індывідуальны нумар (ад 01 да 05), выгравіраваны на вечцы.
Розыгрыш правядуць на сваіх старонках вядомыя беларусы і беларускі ды фонд «Байсол»: мастачка Вольга Якубоўская (9 жніўня), актор Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч (10 жніўня); журналістка Вольга Лойка (11 жніўня), беларусы і беларускі ЗША (12 жніўня), фонд «Байсол» (13 жніўня).
Уся сабраная сума пойдзе на падтрымку каманды фонда.
Кожны гадзіннік лімітаванай серыі будзе выстаўляцца асобным лотам штодзень з 9 па 13 жніўня. Розыгрыш для ўсіх лотаў скончыцца ў дзень нараджэння фонда «Байсол»— — 14 жніўня ў 23.34 па мінскім часе.
Стаўкі на лоты будуць прымацца ў каментарах пастоў і ў асабістыя паведамленні, пераможца вызначыцца самай высокай стаўкай. Колькасць ставак не абмежаваная. Стартавы кошт лота EUR150. Крок стаўкі 20 еўра.
Атрымаць гадзіннік можна будзе асабіста, альбо па пошце, пасля даната праз сайт BYSOL.