БЕЛ Ł РУС

Мінская сям'я хацела схітраваць і ўплішчыцца ў чаргу на кватэру, але не атрымалася

8.08.2025 / 7:42

Nashaniva.com

Іншы мінчук прыйшоў на прыём да мэра з просьбай забраніраваць месца на могілках.

На прыём да старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава запісалася шматдзетная сям’я, што пражывае ў Маскоўскім раёне. Раней пары было адмоўлена ў пастаноўцы на ўлік у якасці тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Даведацца, чаму так, мінчане вырашылі на гарадскім узроўні, пішуць Мінск-навіны.

— Парог патрэбы ў Мінску — менш за дзесяць квадратных метраў на аднаго чалавека. Патрэба ў вашай сітуацыі ўзнікла ў сувязі з тым, што вы зарэгістраваліся ў кватэры мужа ў 2023 годзе, — адзначыў Уладзімір Кухараў.

— Раней вы пражывалі ў іншым жылым памяшканні, дзе крытэр патрэбы дасягнуты не быў. Такім чынам, адбылося пагаршэнне жыллёвых умоў шляхам пасялення. І таму ў пастаноўцы на ўлік было адмоўлена на падставе артыкула 37 Жыллёвага кодэкса. Рэалізаваць права на пастаноўку на ўлік у такім выпадку можна па заканчэнні пяці гадоў з даты пагаршэння жыллёвых умоў. Абавязковы крытэр — наяўнасць падстаў для патрэбы. Выключэнняў закон не прадугледжвае.

Таксама на прыём прыйшоў жыхар мікрараёна Уручча, ён звярнуўся з незвычайнай просьбай. Мінчанін паведаміў, што з’яўляецца адзінокім, і выказаў жаданне забраніраваць пры жыцці месца на могілках «Уручча».

— Загадзя забраніраваць месца на могілках нельга, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. — Участак на два месцы, які прадастаўляецца бясплатна, адводзіцца толькі па факце смерці чалавека. Выключэнне — браніраванне дадатковага ўчастка адначасова з пахаваннем памерлага або пасля яго.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула