БЕЛ Ł РУС

Беларусу, арыштаванаму ў Грузіі, выдалі часовы дакумент аб легалізацыі

8.08.2025 / 7:16

Nashaniva.com

Міхаіл пераехаў у Грузію ў 2016 годзе і з тых часоў, паводле яго слоў, на радзіме не быў ні разу.

Батумі. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі, арыштаваны, а затым вызвалены ў Грузіі, атрымаў 7 жніўня часовы дакумент, які легалізуе яго далейшае знаходжанне ў краіне. Пра гэта мужчына паведаміў «Позірку».

Раней паведамлялася пра яго затрыманне ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі, куды беларус прыйшоў падаць заяву на атрыманне прытулку, ён быў арыштаваны на тры месяцы. 18 ліпеня Тбіліскі гарадскі суд вызваліў мужчыну.

Міхаіл (імя змененае) пераехаў у Грузію ў 2016 годзе і з тых часоў, паводле яго слоў, на радзіме не быў ні разу.

«У Беларусі я вучыўся ў Мінскім духоўным вучылішчы і семінарыі, працаваў у царкве, — паведаміў ён. — У Грузіі першыя пяць гадоў жыў у Батумі, апошнія чатыры — у Тбілісі. Працую цяпер шэф-кухарам».

«Пасля выбараў 2020 года і рэпрэсій, якія пачаліся, удзельнічаў у акцыях салідарнасці з беларусамі. Вёў актыўнасць у сваіх сацыяльных сетках, каб у першую чаргу паказаць мясцовым сябрам, што адбываецца ў Беларусі», — адзначыў Міхаіл.

У кастрычніку 2020 года ў яго заканчваўся тэрмін дзеяння пашпарта, таму паўстала пытанне аб легалізацыі: «Я хацеў дачакацца вынікаў выбараў і паехаць замяніць пашпарт у Беларусь, а таксама наведаць родных, бо мы доўгі час не бачыліся. Аднак пасля выбараў стала зразумела, што ехаць у Беларусь небяспечна».

Недзе праз тры месяцы на сувязь з мужчынам выйшаў беларускі следчы. «Ён пытаўся, навошта я публікую «фэйкавыя» навіны датычна Беларусі і падзей, якія там адбываюцца, [казаў] што ўсё гэта праплачана Амерыкай або Еўропай, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне», — сказаў суразмоўца.

Паводле слоў Міхаіла, следчы даў зразумець, што ў выпадку невяртання ў Беларусь «складанасці» ўзнікнуць у яго бацькоў.

«Тады я зразумеў, што ў Беларусь мне дакладна небяспечна вяртацца, — сказаў ён. — Пасля выбараў я звяртаўся ў амбасаду, але ў выніку яны казалі, што не памяняюць мне пашпарт і толькі могуць даць дакумент на вяртанне ў Беларусь».

Цяпер мужчына прызнае, што было памылкай і пашпарт не памяняць, і па прытулак не звярнуцца: «Як многія беларусы, я думаў, што сітуацыя зменіцца: будзе падтрымка з боку Еўрапейскага саюза, сусветнай супольнасці, і ўсё стабілізуецца. Але, на жаль, нічога гэтага не адбылося. Потым у мяне быў толькі варыянт вярнуцца ў Беларусь, але па зразумелых прычынах я не мог гэтага зрабіць, таму давялося заставацца ў Грузіі нелегальна».

Нелегальны статус, паводле яго слоў, не перашкаджаў прадаўжаць працу і будаваць кар’еру, таму «паход у Дэпартамент міграцыі ўвесь час адкладаўся».

«У гэтым годзе я зразумеў, што прайшло занадта шмат часу, і трэба вырашаць гэтую праблему, бо палітычная сітуацыя ў Грузіі ўскладняецца з кожным годам, — падзяліўся Міхаіл. — Так, я ведаў, што беларусам не даюць у Грузіі прытулак,але гэта (працэдура разгляду адпаведнага запыту) дае легальны статус знаходжання ў краіне».

Ён адзначыў, што ў Дэпартаменце міграцыі заяву на атрыманне міжнароднай абароны прынялі, але паведамілі, што запыт апрацаваць «не паспеюць». Пры гэтым, дадаў суразмоўца, да канца працоўнага дня заставалася яшчэ паўтары гадзіны.

«Я абмяркоўваў з праваабаронцам [Раманам Кісляком], колькі звычайна займае апрацоўка заявы, і ён сказаў, што ў сярэднім каля гадзіны на аднаго чалавека. Але мне сказалі: «Сёння мы не паспеем апрацаваць вашу заяву, таму прыходзьце заўтра — тады ўсё аформім». Мне вярнулі пашпарт і заяву. Як толькі я выйшаў з памяшкання, мяне адразу затрымалі», — сказаў Міхаіл.

Да суда беларуса ўтрымлівалі цэнтры ізаляцыі для мігрантаў, дзе, паводле яго слоў, камеры «з розным камфортам».

«Я быў у самым «мінімальным», — удакладніў мужчына. — Гэта камера на 12 чалавек, шэсць двух’ярусных ложкаў. У камеры даволі дрэнна пахла, плюс пастаянна хтосьці паліў, ад чаго за 10 хвілін знаходжання там ты літаральна пачынаеш пахнуць, як попельніца. Ёсць два акны з фортачкай у шырыню 15 сантыметраў, але гэта не вельмі дапамагае. У нас не было нават гадзіннікаў, каб разумець, колькі часу. Ты знаходзішся ў камеры і не ведаеш, чым сябе заняць, што адбіваецца псіхалагічна на чалавеку. Некаторыя пачыналі праз тыдзень проста размаўляць [падчас прагулак] з коткамі, якія заходзілі на тэрыторыю».

На думку Міхаіла, яму пашанцавала з адвакатамі, якіх знайшлі яго дзяўчына і праваабаронца Кісляк.

«Адвакаты сабралі доказы, што я падаў заяву на прадастаўленне прытулку, і мне адмовілі, што з’яўляецца незаконным, што я не збіраюся хавацца ў Грузіі. Мне напісалі рэкамендацыйныя лісты з працы, мы прапанавалі аплаціць заклад. І суддзя прыняў рашэнне аб альтэрнатыўнай меры стрымання», — сказаў мужчына.

Паводле слоў Міхаіла, на кожным інтэрв’ю супрацоўнікі міграцыйнай службы пыталіся, ці хоча ён, каб дэпартамент звязаўся з амбасадай Беларусі. «Я адмаўляўся і казаў, каб яны не падавалі ім інфармацыю. У мяне стаяла забарона на выезд з Беларусі. Я звязаўся з бацькамі, каб яны паспрабавалі атрымаць дакумент, які гэта пацвярджае. Яны патэлефанавалі ў міліцыю ці пашпартны стол, дзе ім сказалі, што я затрыманы ў Грузіі, хоць мяне ўжо выпусцілі да гэтага моманту», — адзначыў беларус.

Цяпер Міхаілу выдалі ID-карту, якая будзе дзейнічаць да жніўня 2026 года. Дакумент не здымае меру стрымання, але, паводле слоў мужчыны, з’яўляецца «пэўным глытком паветра».

«Я магу афіцыйна працаваць, нават магу ажаніцца ў Грузіі, атрымліваць медыцынскую дапамогу», — рэзюмаваў Міхаіл.

Раней, каментуючы вызваленне беларуса, Кісляк паведаміў «Позірку», што судовым рашэннем арышт заменены неабходнасцю адзначацца ў Дэпартаменце міграцыі МУС два разы на тыдзень. «У той жа час той бок мае права абскардзіць рашэнне суда», — сказаў праваабаронца.

Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб прадастаўленні прытулку. Кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі. Абраны аднапартыйным (апазіцыя адмовілася ўвайсці) парламентам прэзідэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў таго з «пераабраннем». Метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.

У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасць паступова памяншаецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула