«Крыва пакурыў». Алімпійскага чэмпіёна Арамнава затрымалі, збілі і адпусцілі з ІЧУ з крыміналкай
У скандальнага цяжкаатлета зноў праблемы з законам. Гэтым разам ён няўдала выйшаў пакурыць.
Андрэй Арамнаў. Фота: «СБ»
Барысаўчанін Андрэй Арамнаў праславіўся ў 2008-м: тады ён перамог на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Зрабіў ён гэта трыумфальна, адразу з трыма сусветнымі рэкордамі — першы такі выпадак у гісторыі. Арамнаву было ўсяго 20 гадоў, здавалася, наперадзе зорная кар'ера. Але алімпійская перамога літаральна закруціла асілку галаву. Андрэй пайшоў у загул.
Па выніку яго некалькі разоў затрымлівалі п'яным за стырном. Чэмпіён атрымаў дзве крыміналкі, пазбавіўся стыпендыі ад Лукашэнкі і рассварыўся з трэнерамі зборнай Беларусі.
Некалькі разоў чэмпіён спрабаваў узяцца за розум і вярнуцца ў прафесійны спорт. У 2019-м ён нават атрымаў срэбра на чэмпіянаце свету. Але да яшчэ аднаго алімпійскага медаля ён так і не дабраўся.
Нядаўна Арамнаў, які цяпер працуе таксістам, трапіў у чарговую непрыемную сітуацыю. Як паведаміла «Еўрарадыё», алімпійскага чэмпіёна затрымалі па крымінальнай справе. Дэталі гісторыі расказала «Трыбуна». Падрабязнасці выданне даведалася ад першакрыніцы. Журналіст партала прадставіўся Арамнаву як супрацоўнік установы адукацыі, які хацеў запрасіць яго на сустрэчу са школьнікамі ў межах Школы актыўнага грамадзяніна. Арамнаў расказаў усё, як на споведзі.
Высветлілася, што былы спартовец няўдала пакурыў, прычым не цыгарэты.
«Карацей, крыва пакурыў я. Бывае і такое, уяўляеце?» — прызнаўся Арамнаў. На заўвагу пра тое, што наркотыкі — гэта сур'ёзна, асілак заявіў: «Гэта не наркотыкі! Вы чо, прыкалваецеся? Траўка — гэта не наркотыкі».
Арамнаў расказаў, што выйшаў на волю з барысаўскага ізалятара часовага ўтрымання 3 жніўня. У зняволеннні ён прабыў трое сутак, справа супраць яго не спыненая. Пры затрыманні Андрэя збілі.
— Узялі гэтыя мяне за дупу. Ніхто не браў, а гэтыя ўзялі. Прыкол у тым, што брала мяне кампанія, з якой я калісьці трэнаваўся. Можа, пакрыўдзіў неяк у дзяцінстве каго з іх? Лухта поўная, хай бы спачатку навучыліся біць, а потым ужо білі.
— Вас і білі нават?
— Ну. Бог іх пакарае. Гэта гучыць, канечне, не вельмі, але насамрэч усё добра. Злавілі класічна: выйшаў з пад'езда пакурыць — мяне і ўзялі. Я ўвогуле не курыў! Толькі папрасіў, але мне не далі. Я нармальны, адэкватны чалавек, шчыра вам кажу. Гэта сёння толькі я рознай лухтой маюся: прыехаў на рэчку, вып'ю піўка.
Але гэтае здарэнне не паўплывала на палітычную пазіцыю Арамнава. Ён прызнаўся, што падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.
«Я прэзідэнта падтрымліваю рукамі і нагамі! У мяне ж ёсць Ордэн Айчыны ІІІ ступені, магу з сабой узяць, каб дзеці пафоткаліся, яго яшчэ не прапіў. Я люблю свайго прэзідэнта і вельмі добра стаўлюся да сваёй дзяржавы», — адзначыў Арамнаў.
Цікава, што ў 2020 годзе Андрэй публічна падтрымаў іншага кандыдата — Сяргея Чэрачня. Арамнаў кажа, што зрабіў гэта за грошы:
«Мне проста бабак заплацілі і я сказаў, каб людзі звярнулі ўвагу на маладога палітыка. Я ж не казаў за яго галасаваць, а каб проста паглядзелі, што ёсць такі. Я яго асабіста ведаў, мне заплацілі 500 долараў. Я думаю, чаму б і не прапіярыць?»
Цяпер алімпійскі чэмпіён працуе ў таксі. Кажа, што за дзень можна зарабіць 300 ці нават 400 рублёў. Столькі ж, колькі, з яго слоў, зарабляюць трэнеры ў спартовых школах.
Чытайце таксама:
Вы ніколі не здагадаецеся, за каго паставіў подпіс алімпійскі чэмпіён Арамнаў. Не, не Бабарыка
Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў паехаў з Беларусі ў Бразілію. Чым ён там будзе займацца?