БЕЛ Ł РУС

Расійскія шпіёны сачылі за Грозевым з дапамогай шпіёнскіх акуляраў. Вось як гэта было

5.08.2025 / 21:55

Nashaniva.com

«І ў самалётах яны сядалі побач з Ромай, са мной, спрабавалі паглядзець, што мы пішам адно аднаму і гэтак далей».

Хрыста Грозеў дэманструе «шпіёнскія акуляры». Скрын відэа: tvrain / YouTube

Балгарскі медыяэксперт і журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў пасля выхаду расследавання аб атручванні Навальнага вымушаны хавацца ад агентаў, нанятых расійскімі спецслужбамі. Яны атрымалі загад выкрасці мужчыну, ці, калі не ўдасца выкрасці, ліквідаваць. У студзені 2023 года брытанскія ўлады арыштавалі ўсю групу.

У інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь» журналіст расказаў, што для сачэння за ім шпіёны выкарыстоўвалі спецыяльныя акуляры.

Па словах Грозева, пра існаванне «акуляраў для шпіёнаў» ён даведаўся з матэрыялаў крымінальнай справы, якую вяла паліцыя Лондана супраць шасці балгараў, якія на працягу двух гадоў сачылі як за Грозевым, так і за яго калегам па журналістыцы — Раманам Дабрахотавым.

«Аказваецца, яны такімі шпіёнскімі акулярамі за намі сачылі і здымалі. І ў самалётах яны сядалі побач з Ромай, са мной, спрабавалі паглядзець, што мы пішам адно аднаму і гэтак далей», — расказвае Грозеў і прызнаецца, што ён спецыяльна набыў такія акуляры, каб разабрацца, як яны працуюць.

«Яны нейкія відавочна шпіёнскія акуляры, якія проста свецяць, міргаюць, калі ты здымаеш. Так што я не думаю, што гэта вельмі добра. Але затое крутыя акуляры», — дзеліцца ўражаннямі журналіст.

Як вынікае з кантэксту размовы, Грозеў набыў акуляры Ray-Ban Meta. Ён расказвае, што існуе дзве магчымасці актывацыі «шпіёнскіх» функцый акуляраў:

«Або можна проста незаўважна націснуць, або сказаць: «Hey, Meta, start recording». І яны пачынаюць здымаць. Вядома, будзе глупства, калі ў сярэдзіне нейкай шпіёнскай місіі ты пачынаеш гаварыць сваім акулярам».

Журналіст прызнаецца, што не здагадваўся, што за ім сачылі.

Чытайце таксама:

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе

Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева — дэталі шпіёнскай аперацыі, якая цягнулася два гады

Журналіст Хрыста Грозеў распавёў, што Пуцін асабіста загадаў выкрасці і забіць яго

Каментары да артыкула