Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?
Расійскія войскі ўжо некалькі дзён б'юць па мосце, які злучае горад з мікрараёнам Карабел. На гэтым фоне з'явіліся чуткі пра магчымую падрыхтоўку да высадкі дэсанту. Наколькі гэта рэалістычны сцэнар?
Расіяне тры дні запар скідаюць авіябомбы па Астроўскі мост. На відэа з наступствамі, апублікаваным Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыяй, бачная скразная прабоіна.
Астроўскі мост пасля авіяатакі
У суботу ў гэты раён прыляцелі дзве авіябомбы — адна не папала ў мост і трапіла ў жылую забудову. У нядзелю прылёты паўтарыліся, іх ахвярай стаў 65-гадовы мужчына.
Астроўскі мост — гэта адзіны аўтамабільны пуцеправод, які злучае горад з мікрараёнам Карабел. Як сцвярджаюць у Сілах абароны Поўдня Украіны, ніякіх ваенных аб'ектаў паблізу няма. Пастаянныя абстрэлы і раней ускладнялі цывільную лагістыку, а цяпер пакінулі магчымым толькі падвоз прадуктаў харчавання. Як піша «РБК-Украіна», па медыкаменты людзі вымушаныя выязджаць у больш бяспечныя раёны.
Астроўскі мост і раён Карабел
У сувязі з гэтым жыхароў Карабела заклікалі эвакуявацца, пакуль гэта можна зрабіць адносна бяспечна. Ці кажа абвяшчэнне эвакуацыі пра небяспеку паўторнай акупацыі?
Чуткі пра падрыхтоўку да высадкі дэсанту пачалі актыўна пашыраць расійскія паблікі. Таксама з'явіліся дапушчэнні, што пасля Астроўскага моста пачнуцца атакі і па іншых у розных гарадах Украіны.
Прэс-сакратар Сіл абароны Поўдня Уладзіслаў Валошын адзначыў, што расіяне б'юць па ўсіх раёнах Херсона. А Карабельны — проста найбліжэйшы да іх пазіцый на левым беразе Дняпра.
«Яны наносяць удары, каб стварыць так званую «мёртвую зону» ўздоўж Дняпра, каб там не засталося ніякіх будынкаў, ніякіх цэлых укрыццяў, якія можна выкарыстаць з мэтай абароны», — адзначыў Валошын.
Валошын бачыць дзве мэты атак на Астроўскі мост — тэрор супраць мірных жыхароў і спроба адрэзаць лагістыку УСУ. Украінскі вайсковец адкідае пагрозу падрыхтоўкі наступу на Херсон. Па яго словах, рака тут даволі шырокая.
«Калі б яны планавалі больш маштабныя дзеянні, ім спатрэбілася б вялікая колькасць сіл і сродкаў, якія цяжка схаваць ад разведкі. Наша разведка і Сілы абароны такіх сіл і сродкаў цяпер не фіксуюць», — сцвярджае Уладзіслаў Валошын.