«Па загадзе зверху, але не Папы». Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк упершыню публічна расказаў пра сваё звальненне
Шматгадовы пробашч трэці год закрытага Чырвонага касцёла ў Мінску, адзін з найбольш вядомых і заслужаных святароў Беларусі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, год таму адпраўлены на пенсію і ў адстаўку з гэтай пасады, упершыню публічна расказаў пра сваё звальненне, піша Katolik.life.
Уладзіслаў Завальнюк
Раней са слоў вернікаў паведамлялася, што святар не падаваў прашэння аб адстаўцы, як гэта было заяўлена афіцыйна.
Цяпер ксёндз Завальнюк пацвердзіў гэта ў сваім відэа, якое прысвяціў тэме жыцця на пенсіі як сваёй, так і кожнага чалавека.
Святар адзначыў, што яго адправілі на «незаслужаны адпачынак», а затым працягнуў:
«На пенсію адправілі мяне па загадзе зверху [пры гэтым паказаў уніз], але не Папы [Рымскага]. Адхілілі, адлучылі мяне ад алтара, адпраўлення святой Імшы, ад Касцёла, душпастырства — разумей, ад народа».
Пры гэтым ксёндз падкрэсліў, што ўся надзея на Бога, «усё выправіцца, давяраю Богу».
Пасля гэтага святар вырашыў, што раз яго «адхілілі ад Божага алтара, ахвяры святой Імшы, трэба абвяшчаць Слова Божае». Таму ён адкрыў свой ютуб-канал «Голас душы», які мае цяпер амаль 3 тысячы падпісчыкаў.
У сваіх відэа святар праяўляе сябе як моцны прапаведнік, а ў цэлебрацыі святых імшаў удзельнічае ў тых парафіях, якія запрашаюць яго да сябе.
Ксёндз Завальнюк таксама нагадаў пра рэпрэсаванага пры СССР святара Адама Станкевіча, які выдаў малітоўнік «Голас душы», і расстралянага пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які напісаў прадмову да другога выдання малітоўніка.
Чытайце таксама:
Чырвоны касцёл у Мінску хутка пачнуць рамантаваць
Тадэвуш Кандрусевіч і Уладзіслаў Завальнюк наведалі парафію зняволенага ксяндза Юхневіча
На развітанні з ксяндзом Завальнюком адключылі трансляцыю. Што там было?
«Няпраўда абурае». Вернікі расказалі, што не так са звальненнем пробашча Чырвонага касцёла
Без святла, вады і храма жыве ў Мінску Капелан Папы Рымскага