На гарышчы пад Стоўбцамі знайшлі артэфакты, якія сяляне 60 гадоў таму схавалі ад савецкай улады
У вёсцы Паласні выпадкова знайшлі імшалы і арнаты XVII—XIX стагоддзяў. Людзі схавалі іх, калі саветы разбуралі мясцовую капліцу.
30 ліпеня 2025 года з вёскі Паласня Стаўбцоўскага раёна ў парафію Святога Казіміра ў Стоўбцах перадалі рэчы, некалі схаваныя на гарышчы пасля разбурэння мясцовай драўлянай капліцы Святога Антонія Падуанскага.
Як сведчаць мясцовыя, капліца была знішчаная савецкімі ўладамі падчас антырэлігійнай кампаніі ў 1960-я гады. Рэчы захоўваліся ў сакрэце больш за паўстагоддзя.
«Як кажуць старажылы, бляху, што пакрывала дах капліцы, адвезлі на калгасную ферму ў Жыгалкі. А дрэвам — брускамі, дошкамі — дазволілі загарадзіць мясцовыя могілкі. Усё гэта адбылося ў канцы 1960-х», — адзначаецца ў паведамленні парафіі.
Рымскі імшал, выдадзены ў 1631 годзе ў знакамітай антверпенскай друкарні Officina Plantiniana. Фота: фэйсбук парафіі
Францысканскі (1707) і жалобны (1753) імшалы, знойдзеныя ў Паласні. Фота: фэйсбук парафіі
Сярод перададзенага — літургічныя кнігі пачатку XVII — XVIII стагоддзяў, у тым ліку Рымскі імшал (Missale Romanum), выдадзены ў 1631 годзе ў знакамітай антверпенскай друкарні Officina Plantiniana, жалобны імшал (Missæ Defunctorum), выдадзены ў 1707 годзе ў друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, і Францысканскі імшал (Missale Franciscanum), выдадзены ў Венецыі ў 1753 годзе, а таксама некалькі арнатаў.
Арнаты, знойдзеныя ў Паласні. Фота: фэйсбук парафіі
Арнаты, знойдзеныя ў Паласні. Фота: фэйсбук парафіі
У адным з больш позніх выданняў XIX стагоддзя, знойдзеных у Паласні, рукой па-польску напісана, што імшал быў набыты ксяндзом Клеменсам Фрацэўскім, пробашчам Гелчынскага парафіяльнага касцёла, за 22 срэбныя рублі. Найбліжэйшы Гелчын (Giełczyn), дзе ёсць касцёл, знаходзіцца на захадзе Падляшскага ваяводства Польшчы.
У іншым выданні 19 снежня 1913 года па-лацінску быў зроблены надпіс, што кніга з'яўляецца ўласнасцю Прусінаўскага (Prusinoviensis) філіяльнага касцёла. Магчыма, маецца на ўвазе касцёл у вёсцы Прусінава Уздзенскага раёна, які ў пачатку XX стагоддзя быў прыпісаны да Свержаньскага.
Могілкавая капліца ў Паласні. На вежы — механічны гадзіннік. Фота: фэйсбук парафіі
Месца знішчанага касцёла на мясцовых могілках. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Парафія таксама апублікавала здымкі вонкавага і ўнутранага выгляду самой могілкавай капліцы ў Паласні. Як адзначае тэлеграм-канал «Спадчына», гэтыя здымкі раней нідзе не публікаваліся, а сам выгляд храма здзіўляе сваім глухім фасадам і механічным гадзіннікам, усталяваным на вежы капліцы — цяжка прыгадаць іншы такі артэфакт на звычайным драўляным храме, не кажучы ўжо пра могілкавую капліцу. Як і чаму там з'явіўся гадзіннік — пакуль невядома.
Усё сведчыць пра тое, што капліца мае цікавую і недаследаваную пакуль гісторыю, вывучэнне якой можа прынесці нямала незвычайных адкрыццяў.
Галоўны алтар капліцы з абразом Святога Антонія. Фота: фэйсбук парафіі
Сам жа ксёндз парафіі Св. Казіміра выказвае надзею, што будзе знойдзены і галоўны абраз Святога Антонія, які знаходзіўся ў алтары святыні. У сваім паведамленні ён напісаў:
«Святы Антоній, дапамажы нам яго знайсці».
Чытайце таксама:
На скляпеннях храма ў Мураванцы з’явіліся расколіны
У Лагішыне ўрачыста асвяцілі падораны Радаславам Сікорскім арган
У Будславе пачаліся археалагічныя раскопкі
Пазбаўленне руін касцёла ў маёнтку Ажэшкаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці назвалі фэйкам