БЕЛ Ł РУС

Трамп увёў пошліны 50% на тавары з Бразіліі

30.07.2025 / 23:18

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 30 ліпеня падпісаў шэраг указаў, датычных гандлёвай палітыкі краіны. Сярод іншага ён увёў 50% пошліны на тавары з Бразіліі, паведамляе CNN.

Дональд Трамп з тагачасным прэзідэнтам Бразіліі Жаірам Балсанару 8 сакавіка 2020 года. Фота: Alan Santos/Gabinete da Presidência do Brasil via AP

Трамп раней ужо пагражаў увесці 50% пошліны на тавары з Бразіліі з 1 жніўня, калі ўлады краіны не спыніць судовы працэс супраць былога прэзідэнта Жаіра Балсанару, палітычнага саюзніка Трампа. Цяпер гэтая мера зацверджаная і павялічвае ранейшыя пошліны на 40% — раней яны былі 10-працэнтныя. 

Жаіра Балсанару, супраць суда над якім пратэстуе Трамп, вінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту. Ва ўказе Трампа гаворыцца, што пераслед экс-прэзідэнта і яго прыхільнікаў з боку бразільскіх уладаў нібыта з’яўляецца палітычным і парушае правы чалавека.

У гэты ж дзень ЗША ўвялі санкцыі супраць суддзі Вярхоўнага суда Бразіліі Аляксандра дэ Мараеса і ўвялі візавыя абмежаванні яшчэ супраць некалькіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе супраць Балсанару.

Акрамя пошлін, скіраваных супраць Бразіліі, Трамп таксама ўстанавіў 50% мыта на паўфабрыкаты з медзі (трубы, драты, лісты) і прадукты з высокім утрыманнем медзі. У Белым доме заявілі, што гэта робіцца для абароны нацыянальнай бяспекі і падтрымкі ўнутранай меднай прамысловасці. Мыта набудзе сілу таксама з 1 жніўня. У 2024 годзе ЗША імпартавалі медзі на $17 мільярдаў, больш за ўсё — з Чылі ($6 мільярдаў).

Трамп таксама адмяніў так званы de minimis — падатковую льготу, якая дазваляла бязмытна ўвозіць у краіну пасылкі вартасцю да $800. Гэта моцна закране інтэрнэт-крамы кшталту Shein і Temu, якія масава карысталіся гэтай схемай, у тым ліку праз Кітай і Ганконг.

Чытайце таксама:

Трамп наклаў 25% пошліны на Індыю

Рэйтынг Трампа ўпаў да рэкордных 40 працэнтаў

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Трамп: Калі Іран зноў пачне ядзерную праграму, мы яго хутка знішчым

Каментары да артыкула