БЕЛ Ł РУС

У Варшаве затрымалі беларуса, які прадстаўляўся супрацоўнікам банка

30.07.2025 / 15:42

Nashaniva.com

У Варшаве паліцэйскія затрымалі 24-гадовага беларуса, які прадстаўляўся супрацоўнікам банка і атрымліваў наяўныя грошы ў ахвяр тэлефоннага махлярства. Па рашэнні суда яго арыштавалі на тры месяцы, піша Most.

Фота: польская паліцыя

Адзін з пацярпелых распавёў паліцыі, што паверыў таму, хто тэлефанаваў, які прадставіўся супрацоўнікам банка і папярэдзіў пра нібыта пагрозу для яго зберажэнняў. У выніку мужчына перадаў незнаёмцу 50 тысяч злотых (прыкладна 13 400 даляраў) і дзве банкаўскія карты з пін-кодамі.

Аператыўнікі хутка ўстанавілі месца, дзе знаходзіўся адзін з падазраваных. Ім аказаўся 24-гадовы беларус, які, паводле следства, асабіста атрымаў грошы і карты. Яго затрымалі на месцы. Падчас ператрусу ў офісе супрацоўнікі паліцыі канфіскавалі буйную суму наяўных у злотых, далярах і еўра.

Падчас следчых дзеянняў у офіс прыйшоў і 22-гадовы ўкраінец, які заявіў, што даставіў чарговую «пасылку» — 39 тысяч злотых (10 500 даляраў), атрыманых ад іншага чалавека. Ён таксама прызнаўся, што ўжо некалькі разоў забіраў наяўныя ў розных гарадах Польшчы і прыносіў іх у гэты офіс. Яго таксама затрымалі.

Усяго паліцыянты канфіскавалі ў затрыманых 135 500 злотых (36 500 даляраў), 8 660 даляраў і 200 еўра. Абодва мужчыны абвінавачваюцца ў здзяйсненні махлярства. Следства працягваецца: праваахоўнікі не выключаюць, што затрыманыя могуць быць датычныя да іншых аналагічных злачынстваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула