Алімпійская чэмпіёнка па біятлоне прапала ў гарах Пакістана
Лаўра Дальмаер трапіла пад камняпад.
Лаўра Дальмаер. Фота з яе інстаграма
У біятлонным свеце няшчасце. Лаўра Дальмаер трапіла пад падзенне камянёў у гарах Пакістана 28 ліпеня. Але з-за ўмоваў надвор'я выратавальная служба змагла прыбыць на месца здарэння толькі 29 ліпеня, піша Championat.com
Па выніках аблёту мясцовасці спецыялісты не змаглі знайсці двухразовую алімпійскую чэмпіёнку. Пошукі зніклай экс-біятланісткі прыпынены вечарам у аўторак з-за надыходу цемры. На жаль, выратавальнікі не гарантуюць, што біятланістка засталася жывой.
Раніцай у сераду пошукі працягнуліся.
Атрад горных выратавальнікаў дапамагаюць дасведчаныя альпіністы, якія апынуліся ў тым жа раёне Пакістана. Але пакуль навін пра тое, ці дабралася група да месца трагедыі, няма.
Фота: інстаграм Лаўры Дальмаер
Лаўра пасля завяршэння кар’еры не проста захапілася альпінізмам — яна стала горным гідам, пакарыла адну з вяршынь у Гімалаях.
Дальмаер — адна з найлепшых біятланістак у гісторыі, зорка 2010-х гадоў. Сваю кар’еру немка завяршыла ў 2019 годзе, усяго ў 25 гадоў, патлумачыўшы гэта стратай матывацыі! Але да гэтага яна паспела яскрава праявіць сябе.
За шэсць гадоў на найвышэйшым узроўні Лаўра стала двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай і бронзавым прызёрам Алімпіяды-2018. Яна заваявала 15 медалёў на чэмпіянатах свету, сем з якіх былі залатымі. У Кубку свету яна 53 разы (26—19—8) падымалася на п’едэстал, а ў сезоне 2018/2019 заваявала «Вялікі крышталёвы глобус».
Пасля завяршэння кар’еры Дальмаер працавала экспертам на нямецкім тэлебачанні і займалася альпінізмам.