БЕЛ Ł РУС

Дзяўчыну запісалі ў дармаеды. Яна адказала, што не будзе працаваць, бо жаніх забяспечвае

30.07.2025 / 14:21

Nashaniva.com

Маладая беларуска тлумачыць, што не гатовая працаваць за 700 рублёў за месяц, бо столькі траціць за тыдзень.

Скрыншот відэа ў тыктоку

У сацсетках цяпер папулярны трэнд Get Ready With Me («Падрыхтуйся разам са мной») — там чалавек (часцей за ўсё дзяўчына) паказвае, як рыхтуецца да нейкай падзеі: наносіць макіяж, выбірае адзенне і адначасова расказвае пра планы ці жыццё.

Тэма такога роліку можа быць любая: вобраз на працу, спатканне, у вандроўку, на шпацыр з сяброўкамі… Але ў Беларусі свая спецыфіка.

Дзяўчына з Брэста запісала відэа, як фарбуецца і апранаецца для паходу ў цэнтр занятасці «ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці». Раней у РАУС яна даведалася, што яе палічылі дармаедкай.

Пра тое, што да яе дайшла чарга, маладая беларуска распавядае спакойна. Нядаўна прыгажуні патэлефанавалі з незнаёмага нумару.

— Мужчына кажа: «Вам тэлефануюць з РАУС». Я нават не дала яму дагаварыць, бо на аўтамаце падумала, што гэта чарговыя махляры. Я такая на пафасе кажу: «Ага», — і скідаю. Мне адразу зноў тэлефануюць — я скідаю.

У гэты момант у дзяўчыны з’явілася думка, а што, калі сапраўды з міліцыі тэлефануюць. Але яна вырашыла, што калі б было так, дык ёй бы хутчэй за ўсё даслалі нейкае афіцыйнае паведамленне. Таму наступныя званкі яна таксама праігнаравала.

@ms.loni5 #беларусь #тунеядцы #тунеядцырб #брест ♬ оригинальный звук - Ms.Loni

У хуткім часе патэлефанавала ўжо маці.

— Яна папрасіла тэрмінова запісаць нейкае прозвішча і адрас, пакуль яна не забылася — прозвішча следчага і адрас РАУС.

Следчы, які не змог паразмаўляць з самой дзяўчынай, вырашыў дагрукацца да яе такім чынам.

— Як сказала мама, мужчына быў вельмі добразычлівы, сказаў не пужацца, бо нічога дрэннага не адбылося. Ён спытаў у маці, ці працую я недзе, на што мама адказала: «Не, яе забяспечвае яе жаніх».

Мама дзяўчыны нават пасмяялася са следчым з таго, як у яе атрымалася так добра прыстроіць дачку.

— Следчы сказаў, што мне трэба падысці ў панядзелак да яго і паставіць подпіс у нейкім апавяшчэнні, што з'яўляецца фармальнасцю, таму што ўсё гэта ў асноўным накіравана на людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Дзяўчына прызнаецца, што пачала крыху хвалявацца:

— Бо калі паглядзець відэа ў тыктоку і інстаграме на гэтую тэму, дык кожнаму другому пагражаюць арыштам ды штрафамі.

Але ўсё абышлося.

— Я, калі шчыра, чакала нейкага жорсткага допыту, але ён абсалютна нічога не спытаў. Ён сказаў, што ўжо паразмаўляў з маёй мамай і азнаёмлены з маёй сітуацыяй. Адзінае, спытаўся, ці збіраюся я бліжэйшым часам уладкоўвацца на працу. Але спытаў гэта з усмешкай, відавочна ведаючы, што мой адказ будзе «Не».

Следчы растлумачыў, што на працягу тыдня дзяўчыне неабходна з'ездзіць у цэнтр занятасці. І дадаў, што гэта толькі фармальнасць і ніхто не будзе прымушаць працаваць.

У цэнтры занятасці дзяўчына прасядзела каля 40 хвілін у чарзе, бо людзей хапала.

— Жанчына, да якой я трапіла, была вельмі добразычлівая. Я, калі шчыра, чакала тых самых злых цётачак з рэгістратуры.

Блогерка распавяла ёй, што не працуе і не вучыцца, а забяспечвае яе каханы мужчына.

— Яна з усмешкай пацікавілася, ці неабходна мне дапамога з працаўладкаваннем. Я, канешне, адказала, што не. Хвілін пяць яна рабіла нешта ў камп’ютары і пасля на адваротным баку паведамлення, з якім я прыйшла, напісала, што я звярнулася ў службу занятасці, у садзейнічанні ў працаўладкаванні не маю патрэбы.

Супрацоўніца цэнтра паведаміла, што пазней РАУС будуць прасіць у іх спісы тых дармаедаў, якія прыйшлі.

Дзяўчына кажа, што не гатовая ісці працаваць за 700 рублёў за месяц, бо столькі траціць за тыдзень.

— Калі б прапанавалі хаця б 2000 за месяц за працу, якая не пашкодзіць майму здароўю, і з нармальным графікам, я б яшчэ падумала. А так… Няхай самі працуюць за такія грошы.

Чытайце таксама:

Гомельскія міліцыянеры выпадкова дадалі «экстрэміста» ў свой унутраны чат — што ён там убачыў

У барацьбу з дармаедамі ўключыліся ваенкаматы. Прычым выклікаюць нават тых, хто працуе

Беспрацоўных ужо выклікаюць у міліцыю позвамі — чаму гэта незаконна

Праваслаўных святароў сталі прыцягваць да працы з «дармаедамі»

Каментары да артыкула