БЕЛ Ł РУС

У мінскай Каменнай Горцы двое маладых хлопцаў нанеслі мужчыну больш за 130 удараў

29.07.2025 / 16:58

Nashaniva.com

У Мінску двух маладых хлопцаў, 17 і 18 гадоў, асудзілі на 5,5 года пазбаўлення волі кожнага за тое, што яны жорстка збілі незнаёмага мужчыну, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота ілюстрацыйнае

Інцыдэнт адбыўся ноччу на вуліцы Нёманскай. Хлопцы пасля святкавання дня нараджэння ішлі дадому п'яныя. Каля пад’езда адзін з іх выпадкова сутыкнуўся з мінаком. Завязалася сварка, а пасля хлопцы папрасілі закурыць, але атрымалі адмову.

Мужчына пайшоў да таксі, але падлеткі дагналі яго, схапілі за капюшон, адцягнулі да пад’езда і пачалі збіваць. Той спрабаваў уцячы, але яны працягвалі наносіць удары — усяго больш за 130 удараў рукамі і нагамі па галаве і целе. Мужчына некалькі разоў падаў і ўставаў, але яго зноў даганялі. У выніку ён атрымаў цяжкія траўмы, страціў шмат крыві і трапіў у рэанімацыю.

Падазраваных хутка затрымалі. У судзе яны прызналі віну і раскаяліся. Як паведамілі ў пракуратуры, адзін з іх ужо стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Суд прызнаў абодвух вінаватымі ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое мела небяспеку для жыцця і прывяло да псіхічнага парушэння, а таксама разглядаецца як катаванне з хуліганскіх матываў.

Старэйшы будзе адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму, маладзейшы — у выхаваўчай калоніі. Акрамя гэтага, яны абавязаны разам выплаціць пацярпеламу 35 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Чытайце таксама:

Студэнт прайграў у карты і пайшоў у краму па шакаладку абсалютна голы

У Магілёўскім раёне мужчына наўмысна раскідаў на дарозе цвікі і самарэзы

У Брэсце п'яная жанчына пагражала пасажырам грамадскага транспарту нажом

Каментары да артыкула