Грыбнік паказаў пяць відаў баравікоў з беларускіх лясоў
Сярод іх ёсць від, які зусім нядаўна трапіў да нас з Канады, а таксама ўмоўна атрутны.
Аляксандр Гарбацэвіч. Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
Грыбнік Аляксандр Гарбацэвіч у сваім тыкток-канале расказаў пра пяць відаў ядомых белых грыбоў, якія ён знайшоў у беларускіх лясах.
Першы — белы грыб дубовы. Гэты грыб яшчэ называюць «сеткаватым». Сярод іншых белых грыбоў ён вылучаецца характэрнай сеткай на ножцы і «дубовым» колерам.
Белы грыб дубовы ці «сеткаваты». Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
Як правіла, заўважае Аляксандр, гэты від грыбоў расце з дубамі і грабамі. Часам яго можна сустрэць побач са старымі бярозамі. І нават, як запэўнівае грыбнік, у Беларусі ёсць адзін лес, дзе белы грыб дубовы расце побач з асінамі, што «максімальна антынавукова».
Белы грыб бярозавы. Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
Бярозавы і яловы баравікі грыбнік аб'яднаў у адзін від, бо яны падобныя адзін да аднаго шапачкай, пад якою маюць белы колер. Адзінае адрозненне, па словах Гарбацэвіча, гэта няроўнасці на шапачцы ў яловых баравікоў.
«Гэта ўсё вельмі каштоўныя ядомыя белыя грыбы. Іх нельга адварваць, каб не згубіць смак», — даводзіць грыбнік.
Захопнік беларускіх лясоў — залацісты баравік. Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
«Захопнікам беларускіх лясоў» Аляксандр называе залацісты баравік, які «прыляцеў да нас з Канады і за шэсць гадоў захапіў усю тэрыторыю Беларусі».
«Гэтыя грыбы ўстойлівыя да засухі, растуць побач з соснамі. У цэлым таксама смачныя», — расказвае Гарбацэвіч.
«Каралі грыбнога царства» — сасновыя баравікі. Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
«Каралямі грыбнога царства» па ацэнцы мужчыны, з'яўляюцца сасновыя баравікі.
Яны маюць бардовага колеру шапачку, і, як сцвярджае Аляксандр, адметны ад іншых баравікоў пах, з «трохі фруктовым адценнем».
«Госць з пекла». Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
Пяты від баравікоў грыбнік назваў «госцем з пекла».
«Дубовік аліўкава-буры. Пад шапачкай ён чырвонага колеру. Пры націсканні, дэфармацыі ён чарнее», — апісвае мужчына гэты від грыбоў і заўважае, што ён «трохі атрутны ў сырым выглядзе».
«Абавязкова адварыць, зліць адвар і тады ўжо можна гатаваць», — рэкамендуе эксперт.
Не атрымалася знайсці ў грыбніка толькі неядомы двайнік баравіка — грыб-гарчак.
Двайнік баравіка — грыб-гарчак. Скрын відэа: skyforest.ai / TikTok
«У яго ружавае пад шапачкай пры націсканні. Ружовая гама колеру. Адзін грыб вельмі горкі і можа сапсаваць увесь збор. Атруціцца немагчыма, але будзе на фізічным узроўні цяжка грыбы з'есці. Яны стануць горкімі», — тлумачыць мужчына.
Чытайце таксама:
Беларус назбіраў баравікоў у мінскім парку
Паляшук схадзіў у лес і прыцягнуў 50 кілаграмаў лісічак
Грыбнікі запісваюць відэа, як проста ў лесе ядуць «чортавы яйкі»