«Як звычайнаму чалавеку зняць сабе кватэру, калі там цэннік — 900, 1200?» У якім горадзе Беларусі арандаваць жыллё танней за ўсё
Беларусы ў тыктоку скардзяцца на высокія цэны на арэнду. У Мінску за аднапакаёвую кватэру можна аддаць да 1700 рублёў, па 1000 рублёў будзе каштаваць аднушка з добрым рамонтам у абласных гарадах. А дзе арандаваць жыллё танней за ўсё?
Арэндная кватэра ў Магілёве за 300 рублёў на месяц. Фота: Kufar
«Як звычайнаму чалавеку зняць сабе кватэру, калі там цэннік — 900, 1200 [беларускіх рублёў]? 1700 я нават бачыла. 1700! Я разумею, у вас нармальны рамонт, усе справы. Але 1700?» — скардзілася ў тыктоку дзяўчына, якая спрабавала знайсці жыллё ў Віцебску.
У каментарах пад відэа меркаванні раздзяліліся. Нехта пацвярджае словы дзяўчыны — арандаваць жыллё стала дорага па ўсёй Беларусі. Людзі заўважаюць: «Як аплаціць кватэру за 900 рублёў, калі зарплата — 1000 рублёў?»
Некаторыя адправілі блогерку «пачаць маладое жыццё ў інтэрнаце, як усе праз гэта прайшлі» ці ўзяць крэдыт.
«А вы паглядзіце з іншага боку: людзі палову жыцця сабе ва ўсім адмаўляюць, збіраюць грошы, працуюць гадамі без выходных, каб набыць жыллё. А потым вы хочаце, каб нехта вам здаваў яго за капейкі?» — здзіўляюцца каментатары.
Тое ж у тыктоку кажуць і пра арэнду кватэр у Мінску і ў іншых гарадах.
Мінск: 700 рублёў за просценькую аднапакаёвую кватэру, 1500 — за добры рамонт і метро побач
У сталіцы самыя танныя варыянты на Kufar па 300-580 рублёў, але такіх аб'яў вельмі мала.
Большы выбар пачынаецца з 700 рублёў — за такія грошы можна зняць не самую сучасную кватэру, напрыклад, каля метро «Аўтазаводская» ці «Магілёўская».
Кватэру на 39 квадратных метраў з добрым рамонтам у Серабранцы можна арандаваць за 890 рублёў. У «Мінск-Свеце» падобны варыянт вам перададуць за тысячу рублёў у месяц — чамусьці з пазнакай «толькі для дзяўчат».
Прыклады аднапакаёвых кватэр, якія прапануюць на арэнду ў Мінску па 583 рублі і 854 рублі. Фота: Kufar
Аднушка з добрым рамонтам на вуліцы Карла Маркса будзе каштаваць, напрыклад, 1751 рубель, падобная каля метро «Інстытут культуры» — 1459 рублёў. Двухпакаёвыя кватэры, асабліва бліжэй да цэнтра сталіцы, маюць цэннік ад 1500 і нават да 2300 рублёў за месяц.
Брэст: ад 500 рублёў за аднушку
Кватэру з аднаго пакоя і са старым рамонтам у брэсцкім мікрараёне «Усход» можна арандаваць за 510 рублёў. Падобныя варыянты будуць каштаваць таксама да 580-600 рублёў.
Каля цэнтра аднушку атрымаецца знайсці за 800-1000 рублёў.
Двухпакаёвая кватэра не на ўскрайку Брэста будзе каштаваць каля 1000-1400 беларускіх рублёў на месяц.
Кватэры, якія здаюць у Брэсце па 510 (у мікрараёне «Усход») і 580 рублёў (на вуліцы Сальнікава). Фота: Kufar
Віцебск: аднапакаёвая кватэра за 350 і двухпакаёвая за 700 рублёў
Самыя танныя аднапакаёвыя кватэры ў Віцебску здаюць па 350-500 рублёў. Варыянты з больш сучасным рамонтам можна знайсці за 700-800 рублёў, у тым ліку блізка да цэнтра горада.
Двушка каля цэнтру Віцебска будзе каштаваць каля 700-1000 рублёў, але танныя прапановы з горшым рамонтам ёсць па 500-600 рублёў.
Кватэры ў Віцебску па 350 і 580 рублёў. Фота: Kufar
Гомель: ад 400 да 900 рублёў за аднушку і да 1000 за двухпакаёвую кватэру
У Гомелі ж двухпакаёвыя кватэры будуць трошкі даражэйшыя, чым у Віцебску: ад 600-700 рублёў за самыя танныя і да 850-1000 рублёў за варыянты з больш новым рамонтам.
Аднушкі тут каштуюць па 400-600 рублёў, калі шукаць самыя даступныя прапановы, і па 700-900 рублёў за адэкватны рамонт бліжэй да цэнтру.
Гомельскія кватэры за 400 і 820 рублёў. Фота: Kufar
Гродна: 450-650 рублёў за самыя танныя прапановы
Гродзенская аднапакаёвая кватэра ў арэнду будзе каштаваць ад 450-650 рублёў за самы просты варыянт. Тым, хто хоча жыць бліжэй да цэнтру і з адэкватным рамонтам, давядзецца заплаціць 850-1000 рублёў. На ўскрайках горада можна знайсці прапановы па 730-750 рублёў.
Самыя танныя двухпакаёвыя кватэры тут здаюць па 600-700 рублёў, але лепшыя аб'явы можна пабачыць прыблізна за 1000 рублёў.
Аднапакаёвыя кватэры ў Гродна па 880 і 900 рублёў. Фота: Kufar
Магілёў: ад 370 рублёў за аднапакаёвую кватэру
У Магілёве цэны на аднапакаёвыя кватэры стартуюць ад 370-500 рублёў. Дадаўшы яшчэ 370-450 рублёў, можна арандаваць з лепшым рамонтам і бліжэй да цэнтру.
Двушка тут будзе каштаваць 550-1000 рублёў — таксама ў залежнасці ад месца і якасці рамонту.
Аднапакаёвыя кватэры ў Магілёве па 380 і 810 рублёў. Фота: Kufar
Такія лічбы робяць Віцебск самым танным горадам для арэнды аднапакаёвай кватэры. Хаця адрыў ад Магілёва і Гомеля атрымліваецца нязначным. Самае дарагое арэнднае жыллё, чакана, у Мінску.
Згодна з аналітыкай партала Realt.by, у чэрвені попыт на арэнду кватэр у Мінску стаў на ўзровень вышэй за сярэдні. Пры гэтым у мінулым годзе цікаўнасць да арэнды была яшчэ большай.
Колькасць аб'яў аб арэндзе ў чэрвені трохі знізілася, калі параўноўваць з майскімі паказчыкамі. Але калі зірнуць на год таму — іх на 23,5% больш, чым у чэрвені 2024 года.
Цэны на арэнду ў Мінску таксама выраслі. Сярод аднапакаёвых і двухпакаёвых кватэр гэты рост склаў 5,5%. Аналітыкі тлумачаць падаражанне ў тым ліку курсам даляра.
Па інфармацыі Realt.by, у чэрвені сярэдняя цана на арэнду аднапакаёвай кватэры ў сталіцы была 380 даляраў, а двухпакаёвай — 527 даляраў.