БЕЛ Ł РУС

ЕС зацвердзіў спіс контрмер у адказ на амерыканскія пошліны

24.07.2025 / 15:59

Nashaniva.com

24 ліпеня краіны Еўрасаюза ўзгаднілі спіс контрмер на агульную суму каля 93 мільярдаў еўра ў адказ на новыя мытныя пошліны, уведзеныя ЗША. Гэтыя меры пачнуць дзейнічаць з 7 жніўня, калі да гэтага часу ЕС і ЗША не дамовяцца, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP

Сярод тавараў, на якія будуць распаўсюджвацца еўрапейскія пошліны, — самалёты, аўтамабілі, запчасткі, апельсінавы сок, птушынае мяса, соевыя бабы, сталь, алюміній, яхты, а таксама амерыканскі бурбон. Апошняе, праўда, выклікала спрэчкі, бо Францыя і Ірландыя баяцца, што ЗША могуць увесці ў адказ пошліны на еўрапейскія віны і іншыя спіртныя напоі.

Перад тым як зацвердзіць спіс, Еўракамісія правяла кансультацыі з еўрапейскім бізнэсам. Усе краіны — члены ЕС, акрамя Венгрыі, падтрымалі меры.

Калі пагаднення да 1 жніўня не будзе дасягнута, меры ўступяць у сілу, бо на гэты дзень прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў запуск 30-працэнтных пошлін на еўрапейскі імпарт.

Акрамя таго, ЕС гатовы скарыстацца так званым «інструментам супраць прымусу», які дазволіць блоку ўдарыць па сферы паслуг ЗША. Раней Германія была супраць гэтага, але цяпер далучылася да Францыі, якая здаўна падтрымлівала выкарыстанне такога інструмента.

Пасля сустрэчы федэральнага канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона прадстаўнік Елісейскага палаца адзначыў, што абодва лідары маюць аднолькавае бачанне сітуацыі і спадзяюцца на станоўчы вынік перамоў, адначасова рыхтуючыся да жорсткіх крокаў, калі дамоўленасці не будзе.

Чытайце таксама:

У ЕС пракаментавалі заяву Трампа аб тарыфах 30%

Як Трамп прайграе ўласную гандлёвую вайну з усім светам

Цэны на каву і апельсінавы сок у ЗША ўзляцяць да нябёсаў з-за мытаў

Каментары да артыкула