Міліцыянеры стралялі ў нагу вяскоўцу, які ішоў на іх з нажом
У міліцыю звярнулася 73-гадовая жыхарка адной з вёсак Ганцавіцкага раёна: яе сусед бегае п’яны па вуліцы і паводзіць сябе неадэкватна. На месца выехаў нарад, паведамляе прэс-служба міліцыі.
Убачыўшы міліцыянтаў, 49-гадовы дэбашыр узяў у руку нож і накіраваўся ў іх бок.
Патрабаванні спыніцца і кінуць халодную зброю ён праігнараваў. Міліцыянт зрабіў прыцэльны стрэл у нагу.
Нападніку аказалі дапамогу і перадалі медыкам.
Распачата крымінальная справа за гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Мужчыну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.