БЕЛ Ł РУС

«Гэтае гаўно трэба спыняць». Курс, Роўда, Лойка ды іншыя беларусы пра дыкпікі Стрыжака

22.07.2025 / 22:33

Nashaniva.com

Гісторыю з дыкпікамі кіраўніка «Байсол» выклікала актыўную дыскусію ў сацыяльных сетках. Сабралі меркаванні вядомых беларусаў.

Андрэй Стрыжак. Фота: сацсеткі

Святлана Курс, пісьменніца:

BySol памог мне. Андрэй звярнуўся з прапановаю, абыходзіўся з цярплівасцю і павагай (а я тады была тупаватая). Каманда мне дапамагала, цярпліва і пяшчотна. Не мне адной памаглі. Там праца тытанічная, стома. Не перакрэсліваць гэтага!

Уратавальны праход з канцлагеру патрэбны, бо там людзей разам з сем'ямі жаруць, вы ж чуеце хрубаст і маўклівы крык.

Не маю вялікага разгону для асуджальных выказванняў. Сама хараша, ад некаторых учынкаў вы адчулі б агіду, як адчуваю яе я. Да таго ж я не паправіла многага ў жыцці і не буду папраўляць.

Але незалежна ад усяго: няпрошаныя дзікпікі ёсць уварваннем, узломам. Асабліва ад знаёмых, супрацоўнікаў, тым больш ад тых, ад каго ты залежыш. Жанчыны не прамаўчалі, яны змагаюцца за ўласную годнасць і бяспеку. Гэтае гаўно — мізагінію, якой у свеце валы коцяцца, трэба стрымліваць і спыняць. І не толькі жанчынам, у мужчын абавязак прывілеяванага душыць гэта ў сабе.

Аляксандр Чарнуха, музычны крытык і пісьменнік:

Х*й і банка піва — беларускі акцыянізм, маштабам якога пазайздросціў бы сам маэстра Кузьміч. Настолькі маляўніча апісаць агульны стан грамадства і асобных яе актараў серыйным дзікпікам — гэта сапраўдны і безумоўны талент. У гэтай метафары столькі розных адценняў дрымучай першабытнай цемры, што пошук сэнсаў можа расцягнуцца яшчэ на некалькі стагоддзяў. Фалічны помнік нацыянальнай ідэнтычнасці. Нулявы кіламетр персанальнай адказнасці.

Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы»:

Што я не магу асэнсаваць — гэта навошта. Якая рэакцыя чакаецца на няпрошаны дзікпік малазнаёмага чалавека, з якім у цябе нічога не было і не планавалася?

Натуральная рэакцыя жанчыны ў гэты момант — пажыццёвы бан з думкамі «маньячэла і вычварэнец». Хочаце скарыць сэрца жанчыны? Шліце кветкі, гэта ўсё яшчэ працуе, а не вось гэта вось усё.

Але абурае мяне ў гэтай сітуацыі найбольш безадказнасць. У цяперашнім свеце рэпутацыя — самая каштоўная валюта. Яе цяжка зарабіць і лёгка страціць. Інтэрнэт усё памятае. Ствараць самому на сябе кампрамат, не разумеючы магчымых наступстваў у выніку апублічвання, — вось гэта мяне злуе таксама. Падстаўляць арганізацыю, праваабаронцаў, дэмсілы агулам — ну як так? КДБ сядзіць і пацірае рукі.

Гэты дзікпік лёгка дараваць і вытлумачыць, калі яго шле чалавек, які прадстаўляе і падстаўляе толькі сам сябе. Але гэта не гэты выпадак. Вельмі і вельмі шкада. Чорная паласа ў дэмсіл.

Аляксандр Кныровіч, бізнэсмен:

Рассылка сваіх дзікпікаў жанчынам (без іх згоды) — так сабе сітуацыя. Яна ўжо павінна была б стаць прычынай для сур'ёзнага асуджэння.

Гэта ж рассылка, але з боку асобы, якая знаходзіцца ў заведама больш высокім грамадскім статусе (нават калі гаворка не ідзе пра прамое падпарадкаванне) у здаровым грамадстве цалкам магчымая была б прычынай для крымінальнага разбору.

У такія моманты трэба не проста прасіць прабачэння, а прасіць прабачэння і сыходзіць са сваёй пасады, каб арганізацыя магла выправіць памылкі, адмыцца ад цябе і працягнуць працу.

Эндзі Байран, той самы няўдачлівы муж, зняты камерай на канцэрце Coldplay, звольніўся па ўласнай ініцыятыве Ў ТОЙ Ж ДЗЕНЬ.

Смех з гэтай нагоды, а тым больш «абарона» Андрэя Стрыжака ў рэжыме «малайчына, што прызнаўся», або «ён так шмат карыснага зрабіў» мяне асабіста проста выводзяць з сябе.

У гэты момант мы выглядаем як адкрыта сэксісцкае грамадства.

А яшчэ ж і нападкі на журналістаў… якія не схлусілі ні словам.

Вольга Лойка, эканамічная аглядальніца:

Пакуль абмеркаванне ідзе альбо па шляху абясцэньвання пакуты пацярпелых (тым больш усе паўналетнія і не падпарадкаваныя) — маўляў, выдалі, калі не падабаецца. Другі шлях — патрабаванне неадкладнай рэфлексіі і рэакцыі фонду, дэмсіл і наогул усіх вакол. Звольніць, расстраляць, адмяніць, выпаліць калёным жалезам.

Пакуль для беларусаў па-за межамі краіны шлях пошуку праўды і справядлівасці праз СМІ здаецца больш простым і відавочным. Хаця, як піша «Наша Ніва», і ў большасці краін ЕС, і ў Беларусі за рассылку такіх фота прадугледжана адказнасць. Напрыклад, згодна з Крымінальным кодэксам Нідэрландаў адпраўка дзікпіка — сэксуальнае злачынства.

Так што выкарыстанне цывілізаваных інструментаў, накшталт заявы ў паліцыю, — цалкам працоўны варыянт. Яно і прафілактуе лепш, чым апублічванне. Першая ж спроба з вялікай верагоднасцю становіцца апошняй. І негатыўныя наступствы для безумоўна каштоўнай для Беларусі арганізацыі не надыходзяць. Адпрацаваў/заплаціў штраф/мінуў тэрапію — і трымаеш сябе ў руках ва ўсіх сэнсах.

А давайце ў Новую Беларусь не браць усе гэтыя дзікія кейсы з хатнім гвалтам, харасментам, прымусовай рассылкай дзіпікаў і заявамі пра тое, хто ў сям'і галоўны! Ёсць час адрэфлексаваць гэта, пазначыць непрымальнасць, правесці прафілактыку. Вельмі ж гэта нафталінавыя штукі. Так і хочацца сказаць: мы ў Еўропе XXI стагоддзя, і так ужо не носяць.

І гэта таксама нас будзе выгадна адрозніваць ад наскрозь фальшывых змагароў «традыцыйных каштоўнасцяў» з натоўпам пратэжэ, палюбоўніц, пазашлюбных дзяцей.

Ірына Шчасная, актывістка:

Мая думка простая: мне шкада знішчаных карысных ініцыятыў. І вельмі балюча бачыць, як уся праца, якая павінна дапамагаць людзям, паралізуецца праз плёткі, чуткі і асабістыя крыўды.

Няўжо ўсё гэта важней за тых, каму рэальна патрэбна дапамога?

Адна з нядаўніх навін — маці з трыма дзецьмі, якім удалося эвакуявацца з Беларусі. Гэта — жыццёвыя перамены. Гэта — рэальная змена лёсу.

Цяпер дазвольце мне звярнуцца да жаночай аўдыторыі — з павагай і шчырасцю.

Выбачайце, але я не разумею, што такое гвалт або «псаванне жаночага гонару» ў тым сэнсе, як гэта падаецца ў абвінавачваннях. Ёсць больш важныя рэчы! Не разумею не таму, што адмаўляю боль іншых, а таму, што асабіста не перажыла падобнага вопыту. На маральным узроўні я, безумоўна, спачуваю, але — калі быць зусім шчырай — я не падводзіла б гэта пад крымінальны пераслед, асабліва без доказаў.

І вось тут асноўнае пытанне. З аднаго боку — маці і трое дзетак, якія пазбеглі рэпрэсій, з іншага — людзі, якія сцвярджаюць, што атрымалі псіхалагічную траўму.

Ці можна гэта сапраўды супастаўляць? Уявіце цяпер, што эвакуацыі больш не будзе. Што маці сядзіць у турме, а дзеці — у лепшым выпадку — з бабуляй, у горшым — у дзяржсістэме. І ўсё гэта — бо хтосьці вырашыў «разабрацца», «паставіць кропкі над і», «пакараць за няправільныя дзеянні».

Мы, беларусы, прайшлі праз страх, боль, катаванні і страты. Але чамусьці так і не навучыліся шанаваць, захоўваць і рабіць карысць. Затое сварыцца, капацца ў чужым брудзе і расцягваць канфлікты на дні і тыдні — гэта мы ўмеем. І вось гэта — сапраўдная трагедыя.

{POLL#1259}

Чытайце таксама:

Некалькі актывістак абвінавацілі Стрыжака: высылаў ім дыкпікі

«У жыцці кожнага чалавека ёсць учынкі, што не дадаюць яму гонару». Стрыжак пракаментаваў абвінавачанне ў рассыланні дыкпікаў

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў

Каментары да артыкула