«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay
Неверагодны спектакль крывадушніцтва з усёй гэтай гісторыяй kiss cam на канцэрце Coldplay. Ці не палова чалавецтва, СМІ, інфлюэнсераў рагоча або дакарае галоўных герояў здарэння, забываючы пры гэтым важную дэталь, піша ў фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч.
Скрыншот з відэа
Палова дарослага насельніцтва нашай прыгожай планеты, як кажуць даследаванні, здраджвае сваім партнёрам або партнёркам. Здрада — гэта выбар, і людзі, натуральна, павінны браць за яго адказнасць. Але не перад ананімнымі масамі, якія невядома з якога перапуду прызначылі сябе жаўнерамі маральнасці, а перад тымі, чый давер яны падвялі. (Дарэчы, мы не ведаем, якія там дамовы ўнутры абедзвюх сем’яў).
Фэйсбук каторы дзень падкідвае выявы ангельскамоўных паблікаў і СМІ, дзе пішуць, як той CEO мог здрадзіць, калі яго жонка больш сімпатычная. Або як тая начальніца аддзела кадраў магла здрадзіць свайму мужу, калі яе муж таксама CEO і яшчэ багацейшы. Гэта дзівосныя пытанні ад дарослых людзей, і яны вельмі прымітывізуюць з’яву. Адкуль мы ведаем, што там адбывалася ўнутры і галоўнае, а нам та што да гэтага?
Мне там найперш шкада здраджаных і іх дзяцей, людзей, якім невыносна балюча, якія бачаць сваіх бацькоў нават на мемах агенцтваў рытуальных паслуг.
Ані кроплі не хачу бараніць тых, хто хаваўся ў тых славутых кадрах ад камеры. Але нам яны нічога не павінны. Тыя, каму павінны, спадзяюся, спытаюць ад іх па поўнай.
А адзіная лекцыя з гэтай гісторыі — прыватнае жыццё павінна быць табу для СМІ (калі не выказанае пажаданне адваротнага). Безадказныя людзі ператварылі жыццё сваіх блізкіх у пекла, а сацсеткі падлілі столькі алею, што полымя з Масачусетса бачнае пад Клімавічамі.
А лекцыяй ад здрадаў гэты выпадак і так не стане. Наадварот, навучыць лепшай маскіроўцы.
Чытайце таксама:
Гендырэктар IT-кампаніі Astronomer, які трапіў у кадр з каханкай на канцэрце Coldplay, звольніўся
Гендырэктара ІТ-кампаніі адхілілі пасля відэа з падначаленай на канцэрце Coldplay
Жонка кіраўніка IT-кампаніі, якога заўважылі на канцэрце з калегай-каханкай, адрэагавала на сітуацыю