БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік памежнай заставы ў Літве: Мяркую, у Беларусі нелегалаў вучаць пераадольваць фізічны бар’ер

21.07.2025 / 11:29

Nashaniva.com

«Як быццам ведаюць, дзе і як хутчэй можна праскочыць. 1,5—2 хвіліны — 15 чалавек прабіраюцца», — сказаў Альгіс Кіселюс.

Фота: NurPhoto via Getty Images

Кіраўнік Капчамесцкай памежнай заставы Альгіс Кіселюс сказаў, што, на яго думку, у Беларусі нелегальных мігрантаў навучаюць аператыўнаму пераадоленню фізічнага бар’еру, усталяванага на тэрыторыі Літвы, піша Delfi.lt.

Паводле яго слоў, пра гэта можна меркаваць і па дзеяннях нелегалаў, і па тым, што яны прыносяць з сабой лесвіцы — іх даўжыня якраз такая, каб «прыціснуць» калючы дрот наверсе плота.

«У мяне ёсць такое падазрэнне, што, магчыма, на беларускай тэрыторыі ёсць падобны фізічны бар’ер, і на ім трэніруюцца, бо дзейнічаюць вельмі аператыўна. Як быццам ведаюць, дзе і як хутчэй можна праскочыць. (…) 1,5—2 хвіліны — 15 чалавек прабіраюцца», — сказаў Кіселюс.

«У апошні час відаць, што гэтыя лесвіцы (…) сталі масіўнейшымі і большымі. Іх кідаюць, прымінаюць калючы дрот і пераскокваюць», — дадаў ён.

Аднак нелегалы карыстаюцца не толькі лесвіцамі. У іх ёсць нажніцы для разразання металу, лапаткі для капання зямлі, а часам і надзіманыя лодкі.

«Найчасцей гэта лесвіца, але таксама і рэжуць фізічны бар’ер, і падкопы спрабуюць зрабіць. Былі выпадкі, калі па Нёмане на надзіманых лодках плылі, па 8—9 чалавек», — сказаў ён.

Застава, якую ўзначальвае Кіселюс, адрозніваецца тым, што тут сыходзяцца межы трох краін — Беларусі, Польшчы і Літвы — мяжы перасякаюцца ў цэнтры рэчышча ракі Мара. Тут часцей фіксуюцца спробы прабірацца ў Польшчу, а адтуль — у Заходнюю Еўропу.

«Рух нелегалаў у нас асабліва прыкметны. (…) У гэтым годзе мы не дапусцілі пранікнення каля 150 нелегалаў, затрымалі 100, якія пераадолелі фізічны бар’ер. Гэта каля паловы ўсіх затрыманых асоб, якія парушылі мяжу», — сказаў Кіселюс.

Акрамя таго, былі тры выпадкі, калі нелегалы і іх праваднікі спрабавалі нанесці траўмы памежнікам.

«Двойчы ў памежнікаў кідалі камяні, адзін раз — палкі і ўсё, што траплялася пад руку. Адзін раз трапілі па аўтамабілю», — распавёў Кіселюс.

«Цяпер памежнікі ходзяць у шлемах», — дадаў ён. Кіселюс лічыць, што праваднікі мігрантаў — самі беларусы. Яны хаваюцца пад маскамі, але размаўляюць па-руску, што іх выдае, таксама ў іх іншая структура цела.

«Цяжка сказаць дакладна, але я думаю, што праваднікамі могуць быць і самі нелегалы. Але, я лічу, што гэта могуць быць і беларусы — чуваць рускую мову і лаянку. Думаю, і тыя, і другія могуць. Вядома, з выгляду яны масіўнейшыя за мігрантаў, буйнейшыя. У іх іншая знешнасць», — працягнуў ён.

Усяго з пачатку крызісу ў Літву не ўпусцілі 23 800 нелегалаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула