БЕЛ Ł РУС

Другім, хто забіў мядзведзя ў Беларусі, аказаўся адстаўны высокапастаўлены міліцыянт

20.07.2025 / 17:22

Nashaniva.com

Андрэй Русановіч яшчэ пару гадоў таму быў намеснікам начальніка мінскай міліцыі, а да гэтага кіраваў міліцыяй у Салігорску. Цяпер — гандлюе стрэльбамі, мае ўласны бізнэс і палюе. Вось як ён атрымаў права паляваць на мядзведзя.

Андрэй Русановіч. Фота: «Мінск-Навіны»

Андрэю Русановічу 48 гадоў. Ён родам з Мядзела. У 2000-м скончыў Акадэмію МУС. Пачынаў следчым у міліцыі Заслаўя, з часам дарос да начальніка крымінальнай міліцыі Міншчыны і звання падпалкоўніка.

У 2014-м Русановічу далі званне палкоўніка і прызначылі кіраўніком РАУС Салігорскага райвыканкама, у 2018-м кіраваць міліцыяй Мінскага раёна. Не пазней за канец 2019-га Русановіча прызначылі намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама. Падобна, што з гэтай пасады ён і пайшаў на пенсію.

Згодна са звесткамі са злітых баз у адным з расійскіх сервісаў, у лістападзе 2024 года былы сілавік стварыў бізнэс — фірму «АркасБел». Сферай дзейнасці пазначаны «аптовы гандаль зернем, неапрацаваным тытунем, насеннем і кармамі для сельскагаспадарчых жывёл».

Андрэй Русановіч падчас працы ў Салігорску. Фота: Электронны Салігорск

Калі меркаваць па каментарах у тэлеграме і тым, як Русановіч падпісаны ў тэлефонных кнігах іншых, ён гандлюе зброяй. Гэта карабіны мадэлі Blaser R8 professional пад розныя калібры.

Але права паляваць на мядзведзя ён выйграў у конкурсе, які праводзіла Беларуская арганізацыя паляўнічых і рыбаловаў на чале з Ігарам Шуневічам. Відэа з правядзеннем конкурса выкладзенае ў інстаграме арганізацыі. Адзначым, што іншых гучных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў сярод пераможцаў няма.

Чытайце таксама:

Пад Барысавам забілі другога мядзведзя пасля адкрыцця палявання на іх

Шуневіч з жонкай не выйгралі права на паляванне на мядзведзя. Конкурс праводзіла арганізацыя Шуневіча

Упершыню ў незалежнай Беларусі правялі паляванне на мядзведзя, ахвяр пакуль няма

Каментары да артыкула