БЕЛ Ł РУС

Беларуска праз два гады дабілася кампенсацыі ад Wizz Air за затрымку рэйса

20.07.2025 / 14:31

Nashaniva.com

Валерыя два гады таму сутыкнулася з непрыемнай гісторыяй: вылет затрымалі больш чым на чатыры гадзіны, але ў кампенсацыі авіякампанія Wizz Air дзяўчыне адмовіла праз «тэхнічныя прычыны». У выніку беларуска звярнулася да пасярэднікаў, якія судзіліся з лаўкостэрам. Пра гісторыю расказвае «Белсат».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images

Валерыя ляцела з адпачынку ў Францыі ў Польшчу ў жніўні 2023 года.

«Я часта падарожнічаю Wizz Air — у іх танныя квіткі, самалёты не такія забітыя, як у Ryanair, лётаюць яны з аэрапорту Шапэна, а не Модліна, і звычайна не спазняюцца. А тут вылет пачалі затрымліваць — на гадзіну, яшчэ на гадзіну, ды яшчэ на гадзіну. У выніку затрымка склала больш за чатыры гадзіны. Улічваючы, што прыязджаць у аэрапорт трэба за дзве гадзіны, пасажыры правялі па шэсць гадзін у аэрапорце.

Вакол плакалі і капрызілі дзеці, Wifi працаваў ледзь-ледзь, навушнікі разрадзіліся — я проста не ведала, куды сябе падзець. Пры гэтым усе астатнія рэйсы лёталі паводле раскладу. Потым усім пасажырам, якія спазняюцца, падарылі ваўчар на ежу — каля чатырох еўра! Небывалая шчодрасць за шэсць гадзін чакання і наступны дзень на працы пасля пяці гадзін сну. Пасля прыезду дахаты я адразу напісала ліст у Wizz Air з просьбай выплаціць кампенсацыю за адкладзены рэйс».

Праз два дні «дбайнага расследавання авіякампаніі» Валерыя атрымала адмову Wizz Air ад кампенсацыі.

«Шкадуем з-за непрыемнай сітуацыі і пасля стараннага расследавання вашага выпадку пацвярджаем, што рэйс быў затрыманы / адменены праз тэхнічныя прычыны. Вышэйзгаданыя абставіны, паводле Еўрапейскага рэгламенту 261/2004, адносяцца да катэгорыі надзвычайных абставін, таму са шкадаваннем паведамляем вам, што кампенсацыя не прадугледжана», — пазначана ў лісце лаўкостэра.

Дзяўчыну гэта насцярожыла: адказ быў больш падобны на стандартную адпіску.

«З якіх гэта часоў тэхнічныя прычыны авіякампаніі адносяцца да надзвычайных абставін? Гэта ж не маланка, якая ўдарыла ў самалёт, а звычайная падрыхтоўка самалёта да вылету. Я б яшчэ паверыла, што яны ў мароз не могуць вылецець, але дакладна не з Францыі ў жніўні!»

Тады дзяўчына вырашыла звярнуцца да пасярэдніка AirHelp. Паводле яе, у электроннай форме на сайце трэба было толькі пазначыць асабістыя даныя, даныя пра рэйс і адказ авіякампаніі. Яшчэ праз некалькі дзён яна атрымала пацвярджэнне, што яе заяву прынялі.

«Там была пазначана камісія ў памеры 35% у выпадку выйгранай спрэчкі. Увогуле выбару ў мяне не было: мне ўжо адмовілі, так што я ці нічога не атрымаю, або 65% ад кампенсацыі».

Наступны год пасярэднік маўчаў — і Валерыя накіравала яму пытанне аб тым, як прасоўваецца справа. Той паведаміў, што «нічога не можа зрабіць праз затрымкі» і што прыцягнуў да справы юрыстаў, каб «перадаць справу непасрэдна ў суд».

Прайшоў яшчэ год і дзяўчына наогул забылася на гэтую гісторыю.

«Я, калі шчыра, даўно страціла надзею, але ў чэрвені 2025 года, праз амаль два гады, мне прыйшоў ліст ад пасярэднікаў, што Wizz Air прайграў справу і мне сплацяць кампенсацыю. Я вельмі здзівілася!»

З ліста AirHelp вынікала, што Wizz Air павінен будзе выплаціць кампенсацыю за спознены рэйс цягам двух месяцаў.

«Мы звярнуліся ў суд і рады паведаміць, што выйгралі вашу справу! WizzAir выплаціць вам кампенсацыю за сарваны рэйс», — вынікае з адказу AirHelp.

У ліпені дзяўчына ўпершыню даведалася пра суму кампенсацыі — яна аказалася ніжэйшай за чаканую.

«У выніку прыбытак пасярэдніка склаў не 35%, а палову сумы кампенсацыі (яшчэ 15% забралі за суд). Так што я атрымала 125 еўра. З аднаго боку, крыўдна, што пра гэта адразу не гавораць, а з іншага боку, гэта лепш, чым наогул нічога. Я б за 125 еўра дакладна не цягалася па судах два гады. А пасярэдніку гэта відавочна выгадна — у іх такія справы оптам ідуць».

Чытайце таксама:

Беларусам з 11-месячным дзіцём не далі паляцець на Кіпр па польскім праязным дакуменце. Дачапіліся да дзіцяці

«Авіякампанія аплаціла адпачынак». Беларускі расказалі, як лёгка і проста дабіліся кампенсацыі за затрымку рэйса

Беларуску з польскім праязным дакументам замежніка не пусцілі ў Грузію

Wizz Air адмовіў беларусцы з польскім праязным дакументам у пасадцы на рэйс на Кіпр

Папулярны лаўкостар Ryanair павялічвае памер бясплатнай ручной паклажы

Каментары да артыкула