«А дзе мае дакументы? Дзе пашпарт Ціханоўскага? Ці вырашылі вось так выкінуць?»
Журналіст «Радыё Свабода» і былы палітвязень Ігар Карней апісаў, як зняволеных вывозілі на абмен у выніку візіту Келага ў Мінск і як даведаўся, хто з ім едзе.
Сяргей Ціханоўскі на акцыі ў Вільні, 28 чэрвеня 2025 года. Фота: «Наша Ніва»
20 чэрвеня, нічога не тлумачачы, Ігара Карнея вывезлі з мазырскай калоніі №20 строгага рэжыму ў СІЗА КДБ.
«Амерыканка» сустрэла ўжо знаёмым «мяккім пакоем», дзе дэрмантынава-паралонавыя сьцены страхавалі ад суіцыдных памкненьняў, — піша ў фэйсбуку Карней. — Было чутна, што трэці раз за дзень патрашаць кешар, без шкадаваньня выкідваючы прадукты і, як потым аказалася, канфіскоўваючы ўсе паперы, уключна з судовымі выракамі, адмовамі на апеляцыі і г.д. Далей пакойчык дагляду, загад зьняць каланіяльную робу і пасьля душа пераапрануцца ў гардэробчык, сабраны ахоўнікамі з тваіх жа шмотак.
Ігар Карней у турэмным адзенні. Фота: фэйсбук Карнея
У камеру на дзесяць чалавек паднялі апошнім, некалькіх ведаў па ранейшых этапах. Абсалютная большасьць — з замежным грамадзянствам. Прынесьлі вячэру, рацыён не мяняецца дзесяцігодзьдзямі — селядзец з бульбай у мундырах. Ужо быў час адбою, моцна пафантазіраваць не далі — каб у камеры было ціха. Але ўсе разумелі: заўтрашні дзень абяцае быць ня сумным.
Раніцай 21-га, адразу пасьля сьняданка, гэбісты яшчэ раз праверылі таварны выгляд і па адным пачалі выклікаць на «арэну» (унутры СІЗА КДБ круглы як цырк). Паказаўшы на сваю сумку, атрымліваў звыклыя бонусы — мех на галаву і кайданкі на рукі. Падтрымліваючы пад пахі, адвялі ў аўтобус.
Першая неспадзяванка здарылася, калі чарговы арыштант раптам праігнараваў рэжым цішыні: «Э, а дзе мае дакументы? Дзе пашпарт Ціханоўскага? Ці вырашылі вось так выкінуць?» Ого, нас на борце больш за 10 і разам Сяргей Ціханоўскі.
Зрэшты, прагучала «першае і апошняе папярэджаньне», а касту па-над законам лепш не раздражняць.
Калі транспарт перастаў спыняцца перад сьветлафорамі, версія пра «круглы стол» з удзелам спецпасланьніка ў Менску адпала сама сабой. Паступова даходзіла, што проста вывозяць з краіны, толькі невядома, да якога памежжа — Літвы, Латвіі ці Польшчы, прынамсі прадстаўнікоў двух апошніх у камеры было агулам пяць. Гадзіны праз паўтары зьехалі з трасы. Спыніліся на нейкім пятаку разьвязкі, каманда на «перагрузку». Усё гэтак жа ў наручніках і мяхах перасадзілі ў іншы мінівэн, больш кампактны, бо немагчыма ўжо стаць у поўны рост. Упершыню наладзілі пераклічку: так аказалася, што, акрамя Ціханоўскага, дадаліся японец і дзьве жанчыны — Натальля Дуліна і Галіна Красьнянская. Але размаўляць усё яшчэ не давалі, крыклівы чэкіст у балаклаве да апошняга пагражаў «санкцыямі».
А далей ужо як у кіно пра абмен дысідэнтамі падчас «халоднай вайны». Аднекуль з палёў выплыла група дыпламатаў, якія супакоілі, што нашы пакуты засталіся ў мінулым і ад гэтага часу ўсе 14 пасажыраў пад апекай амерыканскіх уладаў.
У салоне буса зьявіліся печыва, цукеркі, вада — першыя прыкметы нармальнага існаваньня без калючага дроту і дурных загадаў. Але колькі яшчэ такіх рэйсаў трэба зрабіць, каб вярнуць з палону тысячы іншых закладнікаў дэспатычнага рэжыму…»
Чытайце таксама:
Палітвязень зрабіў сэлфі проста ў камеры СІЗА на Валадарскага
Вызвалены з турмы ў Беларусі грамадзянін Латвіі: За тры гады страціў 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў