Упершыню за доўгі час навукоўцы сфатаграфавалі дзіцянят снежнага барса ФОТЫ
Навукоўцы ўпершыню за апошнія шэсць гадоў атрымалі ўнікальныя здымкі дзіцянят рэдкага і знікаючага віду — снежнага барса. Фатаграфіі былі зробленыя падчас летніх экспедыцый у чэрвені і ліпені 2025 года ў горных рэгіёнах Манголіі, паведамляе New Scientist.
Фота: SLCF-Mongolia/Snow Leopard Trust
Даследчыкі з арганізацыі Snow Leopard Trust знайшлі логвішча барса дзякуючы GPS-нашыйнікам, якія раней былі надзетыя на 20 дарослых самак. Але нават з тэхналогіямі ім прыйшлося выканаць складаную задачу — абследаваць тэрыторыю памерам каля 60 тысяч квадратных метраў.
Фота: SLCF-Mongolia/Snow Leopard Trust
«Логвішчы барсаў звычайна схаваныя ў вузкіх расколінах ў скалах або ў пячорах, і ў нас быў толькі адзін шанец: калі б маці вярнулася раней, мы мусілі б спыніць пошукі», — расказаў даследчык Ор'ян Ёхансан.
Фота: SLCF-Mongolia/Snow Leopard Trust
Дзіцяняты снежнага барса на працягу першых шасці месяцаў жыцця не пакідаюць логвішча, што робіць іх амаль недасягальнымі для назірання. Аднак менавіта на гэтым этапе навукоўцы могуць атрымаць каштоўныя даныя, якія дапамогуць лепш зразумець экалогію гэтых жывёл і распрацаваць стратэгіі іх захавання.
Фота: SLCF-Mongolia/Snow Leopard Trust
Снежны барс знаходзіцца пад пагрозай знікнення з 1972 года. Яго папуляцыя скарачаецца з-за браканьерства і знішчэння натуральнага асяроддзя. Паводле ацэнак Міжнароднага саюза аховы прыроды, у дзікай прыродзе засталося ад 3920 да 6390 асобін гэтага віду. Яны жывуць у гарах Цэнтральнай Азіі, на тэрыторыі 12 краін, уключаючы Кітай, Індыю і Кыргызстан.
Чытайце таксама:
Жывёлы могуць чуць гукі раслін
У Індыі памерла найстарэйшая азіяцкая сланіха. Ёй было больш за 100 гадоў
У Казахстане вырашылі адстраляць амаль мільён сайгакаў
У лесе паміж Івянцом і Ракавам турысты сустрэлі рысь з рысянятамі ВІДЭА