БЕЛ Ł РУС

Суд абавязаў USAGM выплаціць Радыё Свабода сродкі за 2025 фінансавы год

19.07.2025 / 15:13

Nashaniva.com

Суд у ЗША задаволіў хадайніцтва медыакарпарацыі Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (РСЕ/РС) аб выдачы папярэдняй судовай забароны ў пазове супраць Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) з-за непералічэння выдзеленых ёй раней Кангрэсам сродкаў, піша Расійская служба Радыё Свабода.

Суддзя Акруговага суда акругі Калумбія Ройс Ламберт у рашэнні ад 18 ліпеня пастанавіў, што USAGM абавязана пералічыць РСЕ/РС усе выдзеленыя на 2025 фінансавы год Кангрэсам сродкі, дагэтуль не пералічаныя медыакарпарацыі. Суддзя прыйшоў да высновы, што патрабаванні USAGM увесці новыя абцяжарвальныя ўмовы як умову для пералічэння грантаў, а таксама адмова Агенцтва весці добрасумленныя перамовы з РСЕ/РС, парушаюць закон.

«Наколькі вядома суду, яшчэ не было выпадку, каб агенцтва патрабавала цалкам змяніць умовы шматгадовага супрацоўніцтва з атрымальнікам гранта, а затым адмаўлялася ад перамоваў, асабліва калі паводле закона яно абавязана штогод выдзяляць сродкі гэтаму атрымальніку», — адзначыў суддзя.

Пагроза спынення фінансавання РСЕ/РС выклікала хвалю спачування з боку спецыялістаў па СМІ, аналітыкаў і абаронцаў дэмакратыі па ўсім свеце, а таксама аўдыторыі, якой вяшчае на 27 мовах у 23 краінах медыакарпарацыя.

У сваім рашэнні суддзя Ламберт падкрэсліў, што «відавочнае ігнараванне USAGM сваіх абавязацельстваў па фінансаванні» прывяло да масавых звальненняў супрацоўнікаў РСЕ/РС, адмены некаторых праграм і значнай шкоды для глабальнага ўплыву медыакарпарацыі, які яе рэдакцыі нарошчвалі дзесяцігоддзямі.

Прэзідэнт і генеральны дырэктар РСЕ/РС Стыў Капус у сваёй заяве сказаў, што рашэнне суда — «вынік упартай юрыдычнай барацьбы за атрымання сродкаў, неабходных для выканання нашай жыццёва важнай місіі».

«Гэтая перамога стварае для нашых журналістаў неабходны імпульс для працягнення працы і забеспячэння нашай аўдыторыі (амаль 47 мільёнаў чалавек на тыдзень) дакладнай інфармацыяй, якая супрацьдзейнічае зламыснай прапагандзе аўтарытарных рэжымаў», — дадаў ён.

«Зараз як ніколі важна не саступаць інфармацыйную прастору тыранам», — падкрэсліў Капус, адзначыўшы, што дзякуючы рашэнню суда «РСЕ/РС зможа па-ранейшаму прасоўваць нацыянальныя інтарэсы ЗША ў сферы бяспекі».

USAGM — незалежнае ўрадавае агенцтва ЗША, якое забяспечвае навінавае і інфармацыйнае вяшчанне. У яго склад уваходзяць такія сродкі масавай інфармацыі, як РСЕ/РС, Голас Амерыкі, Радыё Свабодная Азія, Офіс вяшчання на Кубу (Радыё Марці), Блізкаўсходнія вяшчальныя сеткі і Фонд адкрытых тэхналогій. Агульны бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год складаў 950 мільёнаў долараў. Запыт бюджэту на 2025 год для РСЕ/РС, паводле дакументаў USAGM, складаў каля 153 мільёнаў даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула