БЕЛ Ł РУС

Найбольшы конкурс на бюджэт у графічнага і мультымедыйнага дызайну, правазнаўства і педыятрыі

18.07.2025 / 10:59

Nashaniva.com

Пры плане прыёму на бюджэт 31,8 тыс. месцаў дакументы падалі 46,1 тыс. абітурыентаў. Пра гэта БелТА паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец

Фота: БелТА

Прыём дакументаў у ВНУ ад абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтныя месцы, завершаны 17 ліпеня.

«Пры плане прыёму на бюджэт 31,8 тыс. дакументы падалі 46,1 тыс. абітурыентаў. Раней залічана 5,7 тыс. мэтавікоў і 0,5 тыс. пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. Па выніках падачы дакументаў каля 4,4 тыс. абітурыентаў прэтэндуюць на залічэнне без уступных іспытаў — гэта пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, уладальнікі залатых (срэбных) медалёў школ, а таксама дыпломаў каледжаў з адзнакай, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, профільных класаў і іншыя, а таксама каля 700 чалавек — па-за конкурсам», — распавёў Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, высокія конкурсы (больш за 5 чалавек на месца) адзначаны па спецыяльнасцях «графічны дызайн і мультымедыйны дызайн», «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», «правазнаўства», «педыятрыя» і іншых. «Па шэрагу спецыяльнасцей абітурыенты падалі дакументы з сумай балаў больш за 390.

Сярод такіх спецыяльнасцей — «стаматалогія», «сусветная эканоміка», «міжнародная эканоміка і гандаль», «прыкладная інфарматыка», «перакладчыцкая справа», «праграмная інжынерыя».

Павышаюцца паказчыкі прыёму на педагагічныя спецыяльнасці. Так, у БДПУ імя М. Танка пры плане прыёму на дзённую форму навучання ў 1040 бюджэтных месцаў падалі дакументы каля 1,6 тыс. абітурыентаў, з іх 500 мэтавікоў і каля 1,1 тыс. абітурыентаў на агульных падставах. Сярод іх каля 250 выпускнікоў педагагічных класаў, 55 медалістаў, каля 80 уладальнікаў дыпломаў каледжаў з адзнакай. Больш за 300 абітурыентаў маюць суму балаў для паступлення больш за 300. Сёлета 391 студэнт залічаны па мэтавым дагаворы — гэта каля 40 % ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў, што на траціну больш, чым летась», — праінфармаваў кіраўнік адукацыйнага ведамства.

Запатрабаваная падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у рэгіянальных ВНУ, куды пры плане прыёму на бюджэт у 14,7 тыс. месцаў дакументы падалі 20,1 тыс. абітурыентаў. Найбольшыя конкурсы на месца — у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава, Беларуска-Расійскім універсітэце, Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.

На сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і ў ВНУ сілавога профілю прыём дакументаў на бюджэт завершыцца 19 ліпеня.

З 18 па 25 ліпеня ў ВНУ будуць праводзіцца ўнутраныя ўступныя іспыты для паступлення на творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці ў галіне фізічнай культуры і спорту, а таксама спецыяльнасці са скарочаным тэрмінам навучання для выпускнікоў каледжаў.

Залічэнне першакурснікаў гэтага года на бюджэтныя месцы адбудзецца да 27 ліпеня. Інфармацыя пра залічэнне будзе размешчана на інфармацыйных рэсурсах ВНУ і ў асабістых кабінетах абітурыентаў.

Працягваецца прыём на платнае навучанне — да 1 жніўня, у сельскагаспадарчых ВНУ — да 2 жніўня. План прыёму абітурыентаў-платнікаў складае 16,4 тыс. месцаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула