Памятаеце дзяўчыну, якая планавала паехаць на «Міс Сусвет», а яе арыштавалі? Яна ўжо на свабодзе
«Пераможцаў не судзяць» — напісала ў інстаграме Карына Кісялёва, якая збіралася стаць першай прадстаўніцай Беларусі на конкурсе прыгажосці «Міс Сусвет», але трапіла за краты.
Карына Кісялёва. Тут і далей фота з яе сацсетак
Летась у нацыянальным этапе конкурсу «Міс Сусвет» у Беларусі перамагла Карына Кісялёва. СМІ пісалі, што дзяўчына родам з Беларусі, але жыве на дзве сталіцы — Мінск і Маскву. Дарэчы, у Расіі яна скончыла Маскоўскі авіяцыйны інстытут па спецыяльнасці «піяр і сувязі з грамадскасцю». Актыўна ўдзельнічала ў розных міжнародных конкурсах прыгажосці — была на «Міс Эка Інтэрнэшнл», «Міс Зямля» і іншых.
Яшчэ 21 верасня 2024 года Карына паказвала ў сваім інстаграме, як з іншымі канкурсанткамі наведвала Чэрвеньскі сацыяльны пансіянат «Свет дабрыні». А праз тыдзень дзяўчына не без гонару напісала, што стане першаадкрывальніцай «Міс Сусвет» для Беларусі.
Але ж далей пачало адбывацца дзіўнае. Карына выдаліла той допіс, у статусе пазначыла, што вельмі стамілася… Знік інстаграм-акаўнт missuniverse_belarus, дзе публікаваліся здымкі з конкурсу прыгажосці. А ў хуткім часе знікла і сама Карына.
Тэлефон прыгажуні быў адключаны, у сацыяльных сетках яна не з’яўлялася з пачатку кастрычніка 2024 года.
На конкурс «Міс Сусвет» замест яе паляцела Элеанора Качалоўская.
Падпісчыкі Карыны Кісялёвай (у інстаграме яна мае больш за 12 тысяч фаловераў) пачалі цікавіцца, што адбылося.
«Наша Ніва» тады даведалася, што Карына ў СІЗА ў Калядзічах, але справа была не палітычная. Як паведамлялі знаёмыя з сітуацыяй, дзяўчына сама і арганізавала той конкурс «Міс Сусвет Беларусь», у якім перамагла. Да гэтага ўзніклі пытанні. Па інфармацыі інсайдараў, Карына апынулася пад следствам за махлярства (арт. 209), а таксама за сутэнёрства. Назва артыкула незразумелая — ці то ўцягванне ў прастытуцыю (арт. 171-1), ці то арганізацыя прастытуцыі (арт. 171).
Афіцыйна пра затрыманне дзяўчына і скандал вакол конкурсу нічога не паведамлялася.
Але Лукашэнка ў хуткім часе падпісаў указ «Аб прадстаўленні Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах». Згодна з дакументам, з 1 сакавіка 2025 года выкарыстоўваць словы «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» ў назвах культурных, спартыўных і адукацыйных конкурсаў, дзе адбіраюць прадстаўніка ад Беларусі на міжнародныя мерапрыемствы, можна толькі ў тым выпадку, калі арганізатарам выступае дзяржаўная арганізацыя.
Нацыянальнай школе прыгажосці надалі статус адзінага каардынатара па арганізацыі і правядзенні «Міс Беларусь», адбораў прадстаўнікоў краіны для ўдзелу ў міжнародных конкурсах прыгажосці.
Цяпер Карына Кісялёва выйшла з СІЗА. Яна з'явілася ў інстаграме і паставіла новы статус: «Пераможцаў не судзяць».
Мяркуючы па ўсім, яе якраз-такі судзілі, але вырашылі не адпраўляць у калонію. Магчыма, Кісялёва атрымала хімію — пакуль дакладна не вядома.
Дзяўчына на англійскай мове паспрабавала растлумачыць падпісчыкам, чаму яе столькі месяцаў не было ў сацыяльных сетках. Згодна з непераканаўчай версіяй прыгажуні, яе акаўнт узламалі, і толькі зараз яна змагла зноў атрымаць да яго доступ. Карына падзякавала тым, хто хваляваўся за яе, і напісала, што любіць усіх і вельмі сумавала.