БЕЛ Ł РУС

Расійскія чыгункі могуць пусціць у Мінск «Сапсаны»

16.07.2025 / 22:14

Nashaniva.com

Пасля завяршэння будаўніцтва высакахуткаснай магістралі паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам хуткасныя цягнікі «Сапсан» могуць пачаць курсіраваць па іншых кірунках. Пра гэта паведаміў намеснік гендырэктара Расійскіх чыгунак Іван Калеснікаў у інтэрв’ю агенцтву РИА Новости.

Цяпер «Сапсаны» ездзяць толькі паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам. Але пасля запуску высакахуткаснай магістралі, гэтыя цягнікі могуць быць накіраваныя на новыя маршруты. Разглядаюцца варыянты Масква — Мінск, Масква — Ніжні Ноўгарад і Масква — Варонеж.

Іван Калеснікаў удакладніў, што канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае, вырашацца ўсё будзе бліжэй да даты запуску магістралі. Пры гэтым, на яго думку, новыя кірункі выглядаюць даволі відавочна.

«Сапсан» — высакахуткасны цягнік нямецкай вытворчасці. Гэты састаў разганяецца да 250 км/г, таму на дарогу ён пры наяўнасці адпаведнай інфраструктуры траціць у два разы менш часу, чым у звычайных цягніках.

Высакахуткасная магістраль — гэта спецыяльна пабудаваная электрыфікаваная дзвюхкалейная чыгунка, па якой цягнікі могуць рухацца са хуткасцю ад 200 да 400 км/г. Пакуль у Расіі такіх магістраляў няма, але будаўніцтва асноўнага ўчастка па планах павінна было пачацца ўжо сёлета ў сярэдзіне года.

Чытайце таксама:

З Мінска хочуць запусціць цягнік у Маскву з хуткасцю да 400 км/г. Што не так з праектам?

Высакахуткасную чыгуначную магістраль Масква — Мінск ужо часткова спраектавалі

У Францыі машыніст на хаду саскочыў з хуткаснага цягніка, пакінуўшы ў ім сотні пасажыраў

Каментары да артыкула