БЕЛ Ł РУС

У Германіі рыхтуюць скарачэнні сацыяльных выплат: беспрацоўныя жывуць лепш за тых, хто працуе

16.07.2025 / 21:17

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што сучасная сацыяльная сістэма краіны занадта шчодрая, асабліва ў дачыненні да беспрацоўных. Ён лічыць, што так працягвацца не можа, бо атрымліваецца, што людзі без працы атрымліваюць ад дзяржавы столькі, што жывуць лепш, чым звычайныя працоўныя сем’і. Гэтая сітуацыя патрабуе рэформы, і Мерц ужо анансаваў змены, якія павінны ашчадзіць для бюджэту больш за 2 мільярды еўра штогод, піша Rzeczpospolita.

Фрыдрых Мерц. Фота: Emmanuele Contini/NurPhoto via Getty Images

У сваім выступленні Мерц прывёў прыклад: чалавек, які толькі што страціў працу і зарэгістраваўся на біржы, атрымлівае не толькі штомесячную дапамогу, але і поўную аплату арэнды кватэры — нават калі яна вялікая і знаходзіцца ў дарагім раёне.

У сярэднім 1 м² у Германіі каштуе 20 еўра на месяц. Такім чынам, калі чалавек жыве ў кватэры плошчай 100 м², дзяржава плаціць 2000 еўра толькі за арэнду.

Новая версія сацыяльнай сістэмы дапамогі беспрацоўным, вядомая як Bürgergeld, была ўведзеная сацыял-дэмакратычным урадам Олафа Шольца (SPD) некалькі гадоў таму. Сістэма прадугледжвае шчодрыя выплаты: у 2024 годзе, напрыклад, адзіночка-беспрацоўны атрымліваў 563 еўра, а сямейная пара — 1012 еўра ў месяц. Дадаткова — выплаты на дзяцей (напрыклад, 471 еўра на падлетка), поўная аплата арэнды і ацяплення.

Паводле меркавання крытыкаў, Bürgergeld зрабіў працу для многіх непрывабнай — бо людзі могуць атрымліваць параўнальна столькі ж ці нават больш, не працуючы.

Пры гэтым у нямецкай эканоміцы расце «шэры сектар» — шмат хто працуе нелегальна, — і ў 2024 годзе ён ужо складаў 11,3 % ВУП.

Таксама ёсць выпадкі, калі беспрацоўныя адмаўляюцца ад прапанаваных вакансій, а некаторыя працадаўцы спецыяльна плацяць вельмі нізкія заробкі, ведаючы, што дзяржава ўсё адно даплаціць гэтым работнікам праз сістэму сацыяльнай дапамогі.

Фрыдрых Мерц адкрыта гаворыць, што пасля летніх вакацый урад прадставіць новыя скарачэнні сацыяльных выплат.

Ён рыхтуецца да палітычнай барацьбы з сацыял-дэмакратамі, якія па-ранейшаму лічаць, што дзяржава павінна шырока падтрымліваць тых, хто страціў працу. Сацыял-дэмакраты баяцца, што занадта радыкальныя рэформы могуць адштурхнуць частку іх выбарцаў, асабліва сярод рабочага класа і членаў прафсаюзаў.

У той жа час ХДС-ХСС спадзяецца, што выбаршчыкі падтрымаюць ідэю больш справядлівай і адказнай сацыяльнай палітыкі, дзе працу заахвочваюць, а не адахвочваюць ад яе.

Чытайце таксама:

«Маленькая паслуга беларускім уладам». Дэпутаты «Альтэрнатывы для Германіі» зрабілі запыт свайму ўраду пра фінансаванне «Байсола» і беларускіх палітвязняў

«Германія вяртаецца»: будучы канцлер Мерц дамовіўся аб рэформе абмежаванняў на дзярждоўг

Новы ўрад Германіі рыхтуецца да рэкордных выдаткаў на войска

Нямецкая эканоміка паламалася, а «плана Б» ні ў кога няма

Каментары да артыкула