БЕЛ Ł РУС

Афганістан зазывае ў краіну замежных турыстаў ролікам, у якім абыгрываецца выкраданне людзей

16.07.2025 / 17:4

Nashaniva.com

У Афганістане турагенцтва, звязанае з талібамі, выпусціла рэкламны ролік, каб прыцягнуць у краіну замежных турыстаў. Аднак відэа гэта настолькі незвычайнае, што ў многіх выклікала замест сімпатыі да краіны шок, піша Euronews.

Фота: Instagram/iampocoloco

У пачатку роліка паказаныя сцэны, якія імітуюць выкраданне: двое людзей стаяць на каленях з чорнымі пакетамі на галаве, а ўзброеныя людзі патрабуюць выкуп.

«Чао, Італія. Калі вы хочаце, каб два вашыя грамадзяніны вярнуліся ў Італію ў цэласці і захаванасці, вы павінны адправіць нам 5 мільярдаў даляраў у біткоінах», — гавораць у роліку.

Потым пакеты здымаюць, «заложнікі» ўсміхаюцца і вітаюць гледачоў з фразай: «Сардэчна запрашаем у Афганістан!»

Далей паказваюцца кадры, дзе турысты гуляюць па мясцовых рынках, фатаграфуюць прыроду і гуляюць з дзецьмі. Падобны ролік ужо з’яўляўся раней — там «ахвярамі» былі амерыканцы.

Гэтыя відэаролікі нагадваюць пра пакаранне закладнікаў, у тым ліку амерыканскага журналіста Дэніэла Перла ў 2002 годзе ў Пакістане і Джэймса Фоўлі, таксама рэпарцёра з ЗША, у 2014 годзе ў Сірыі.

لماذا طلب الشباب الأفغاني خمسة مليون دولار مقابل إطلاق سراح الإيطاليين؟ #ترفيه pic.twitter.com/9rX2hHs95z

— أفغانستان بالعربي (@afghanarabc) July 12, 2025

Гэтыя ролікі выклікалі супярэчлівую рэакцыю: ад пахвалы за арыгінальную задуму да асуджэння за выкарыстанне тэмаў гвалту і за тое, што ў кадры няма жанчын. Прытым што асноўнай ідэяй відэа заяўляецца разбурэнне негатыўных стэрэатыпаў пра Афганістан.

Аўтар ідэі, Ясаф Арубі, вырас у ЗША і кажа, што не мае сувязяў з афганскімі ўладамі. Ён сцвярджае, што хоча паказаць іншую, мірную і гасцінную частку сваёй радзімы, якая доўгі час была пад акупацыяй.

Пасля таго, як у 2021 годзе талібы захапілі ўладу, Афганістан апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі, а большасць насельніцтва жыве ў беднасці. Турыстычны сектар разглядаецца як спосаб палепшыць эканамічнае становішча. У 2024 годзе краіну наведалі каля 9 тысяч іншаземцаў, а з пачатку 2025 — яшчэ каля 3 тысяч.

Аднак небяспека ў краіне ўсё яшчэ існуе: адбываюцца тэракты, выкраданні і затрыманні. Напрыклад, у 2024 годзе ў Баміяне забілі трох іспанскіх турыстаў, а брытанскую пару, што займалася адукацыйнымі праектамі, арыштавалі. Амерыканца, які быў арыштаваны ў 2022 годзе, вызвалілі толькі праз два гады.

Такім чынам, нягледзячы на спробы зрабіць турызм «новай надзеяй» для краіны, Афганістан усё ж застаецца не надта бяспечным месцам для падарожжаў.

Чытайце таксама:

Масква афіцыйна прызнала Ісламскі Эмірат Афганістан

У Афганістане талібы забаранілі шахматы

Талібы загадалі дыпламатам Афганістана ў ААН адгадаваць бароды

Афганскія талібы забаранілі жанчынам размаўляць паміж сабой

Каментары да артыкула