БЕЛ Ł РУС

«Яндэкс» рыхтуецца перанесці масавую вытворчасць разумных тэлевізараў з Кітая ў Беларусь

16.07.2025 / 11:58

Nashaniva.com

Беларускія спецыялісты ўжо вучацца ў Кітаі.

«Яндэкс» пачаў выпуск «разумных» тэлевізараў серыі «ТВ Станцыя» з галасавым памочнікам «Аліса» на заводзе H-tv у Мінску. Як паведамляе Forbes, расіяне інвеставалі 2 мільёны долараў у новыя рабатызаваныя вытворчыя лініі.

Завод H-tv уваходзіць у склад беларускага H-holding, вядомага таксама пад брэндам «Гарызонт». На заводах холдынга, у тым ліку H-tv, збіраюцца тэлевізары пад рознымі брэндамі, сярод якіх Dexp, Harper, Hartens, а цяпер і «Яндэкс».

У чэрвені на прадпрыемстве была выпушчана тэставая партыя з 230 тэлевізараў, якія ўжо паступілі ў продаж, піша выданне. З жніўня вытворчасць будзе перанесена на новыя канвееры.

Паводле намесніка дырэктара H-tv Мікалая Мана, прадпрыемства стане толькі пляцоўкай для зборкі, а ўсім іншым (у тым ліку прасоўваннем і продажамі) будзе займацца «Яндэкс». 

Прэс-служба «Яндэкса» кажа пра супрацоўніцтва з рознымі вытворцамі, пляцоўкі для зборкі могуць вар'іравацца.

На заводзе H-tv у Мінску рыхтуюць новую вытворчую пляцоўку з дзвюма рабатызаванымі канвеернымі лініямі па зборцы тэлевізараў. Паводле намесніка дырэктара H-tv Мікалая Мана, кожная лінія патрабуе ўсяго 12 супрацоўнікаў у змену замест звычайных 38.

Беларускія спецыялісты прайшлі навучанне ў Кітаі, каб пасля не толькі працаваць, але і навучаць іншых. Выпуск тэлевізараў «Яндэкса» на новай пляцоўцы ацэньваецца ў сотні тысяч штук на год. H-tv гатовы павялічыць свой агульны выпуск з 3 млн да 7 млн тэлевізараў на год. Прырост магутнасці хочуць забяспечаць не толькі дзякуючы тэлевізарам «Яндэкса», але і іншых брэндаў, кажа Ман.

Перанос вытворчасці з Кітая ў Беларусь, акрамя лагістычных пераваг, дасць «Яндэксу» магчымасць сэканоміць на мытных зборах, піша выданне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула