БЕЛ Ł РУС

Два гады калоніі і буйны штраф далі хлопцу за ўдзел у мерапрыемствах «Актыўнымі быць файна»

15.07.2025 / 15:33

Nashaniva.com

22-гадовага хлопца, якога прызналі вінаватым у ўдзеле ў дзейнасці так званага экстрэмісцкага фармавання «Актыўнымі быць файна», прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 500 базавых велічынь (21 тысяча рублёў), паведамляюць «Мінск-Навіны».

Хлопец, паводле следства, далучыўся да фармавання ў лютым 2022 года. «У інтарэсах «Актыўнымі быць файна» ён удзельнічаў у анлайн і афлайн трэнінгах, арганізаваных гэтым экстрэмісцкім фармаваннем на тэрыторыі Мінска і Магілёва, а таксама ў 2023—2024 гадах прыняў удзел у мерапрыемствах на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі ў якасці прадстаўніка гэтага аб'яднання», —кажуць у пракуратуры.

Пракуратура лічыць, што гэтыя мерапрыемствы мелі мэтай уцягванне грамадзян Беларусі ў экстрэмісцкую дзейнасць праз культурныя, адукацыйныя і іншыя праекты.

На судзе малады чалавек прызнаў, што ўсведамляў накіраванасць дзейнасці арганізацыі, але не ўсведамляў сур’ёзнасці наступстваў сваіх дзеянняў. Суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

АБФ (Актыўнымі Быць Файна) — арганізацыя нефармальнай адукацыі, заснаваная ў Беларусі ў 2015 годзе, гэта праект па папулярызацыі методыкі шведскіх вучэбных гурткоў.

Да 2021 года АБФ працавала ў розных гарадах Беларусі, уключаючы ўсе абласныя цэнтры. Пасля прымусовай ліквідацыі арганізацыі ў Беларусі яна аднавіла сваю дзейнасць у Літве, Польшчы і Грузіі як ініцыятыва беларускай дыяспары. Скразнымі тэмамі дзейнасці з’яўляюцца правы чалавека, фемінізм, гендарная роўнасць, экалагічнасць і інклюзіўнае грамадства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула