Уплыў Меланіі Трамп на мужа быў недаацэнены. Украіна атрымала нечаканага саюзніка ў яе асобе
Дзяцінства першай лэдзі ў былой Югаславіі і спачуванне да цяжкага становішча Украіны, магчыма, паўплывалі на рашэнне прэзідэнта ЗША адправіць ракеты «Пэтрыёт».
Дональд Трамп падпісвае дакументы ў прэзідэнцкім пакоі пасля прыняцця прысягі ў якасці 47-га прэзідэнта Злучаных Штатаў падчас 60-й інаўгурацыйнай цырымоніі, 20 студзеня 2025 года. Справа — першая лэдзі Меланія Трамп. Фота: Melina Mara / The Washington Post via Getty Image
Першая лэдзі ЗША Меланія Трамп магла паўплываць на рашэнне свайго мужа, Дональда Трампа, аб перадачы Украіне зенітна-ракетных комплексаў Patriot. Паводле артыкула ў амерыканскім выданні The Times, менавіта Меланія, якая нарадзілася ў былой Югаславіі, стала «незвычайным саюзнікам» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме.
Падчас размовы з журналістамі Трамп расказаў пра размовы з жонкай: «Я вяртаюся дадому і кажу першай лэдзі: «Я сёння гаварыў з Уладзімірам, у нас была цудоўная размова». А яна адказвае: «О, праўда? А там яшчэ адзін горад толькі што разбамбілі».
Гэтая цытата сведчыць, што 55-гадовая Меланія мае значна большы ўплыў на палітыку мужа, чым многія меркавалі.
Яе цікавасць да вайны ва Украіне можна патлумачыць яе паходжаннем. Нарадзіўшыся за «жалезнай заслонай» у 1970 годзе, Меланія раней выказвала захапленне Рональдам Рэйганам, прэзідэнтам, які дапамог пакласці канец халоднай вайне.
Яна часта размаўляе са сваім сынам Бэранам па-славенску, і абое яны захоўваюць пашпарты Еўрасаюза.
Мэры Джордан, аўтар кнігі «Мастацтва яе здзелкі: непрамоўленая гісторыя Меланіі Трамп», сказала: «Гэта [сімпатыя Меланіі да Украіны] зусім не дзіўна, улічваючы, што яна вырасла ў былой Югаславіі [Меланія — славенка, з народу, які быў арыентаваны на Захад, а не на Расію] — краіне, якая не мела любові да Расіі». І дадала: «Яна мае больш досведу, чым іншыя людзі ў кабінеце, каб выказаць сваю пазіцыю».
Па словах Джордан, бацька Меланіі, Віктар Кнаус, якому 81 год, працягвае ездзіць у Славенію, дзе выхоўвалася Меланія, што азначае, што яна застаецца ў курсе еўрапейскай палітыкі. «Яе радзіма цалкам падтрымлівае Украіну, і людзі там абураныя тым, што ЗША раптам могуць перастаць узбройваць Украіну», — сказала Джордан.
Раней Меланія ўжо выказвалася супраць расійскай агрэсіі. У лютым 2022 года, калі Пуцін пачаў поўнамаштабнае ўварванне, Трамп назваў яго «геніем», аднак Меланія ахарактарызавала гібель мірных жыхароў як «жудасную» і заклікала людзей дапамагаць украінцам праз Чырвоны Крыж.
Хоць Трамп мае шырокае кола дарадцаў у сферы нацыянальнай бяспекі і замежнай палітыкі, менавіта голас яго жонкі, напэўна, мае найбольшае значэнне.
«Ён слухае толькі тых, хто блізкі да яго. Асабліва, калі іх прозвішча — Трамп», — падсумоўвае Мэры Джордан.