«Адзін глядзеў тэлефон, другі размаўляў, а трэці ў баку назіраў». Як цяпер праводзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС
Што на мінулых тыднях пісалі карыстальнікі прыгранічных тэлеграм-чатаў пра праверкі тэлефонаў і допыты на беларускай мяжы, вывучыла BGmedia.
Як сілавікі правяраюць беларусаў на мяжы
Карыстальнікі прыгранічных чатаў пацвярджаюць інфармацыю, што людзей дапытваюць і затрымліваюць не толькі на ўездзе ў Беларусь, але і на выездзе.
Такі інцыдэнт здарыўся 10 ліпеня з пасажырам аўтобуса Мінск — Вільнюс:
«У 16.05 выезд з Мінска па раскладзе. У 21.25 заехалі ў РБ. У 21.40 старт кантролю. Быў допыт. Аднаго чалавека знялі з аўтобуса».
А 11 ліпеня ў пункце пропуску «Брэст» дапытвалі дзяўчыну. У аўтобус яна не вярнулася:
«Мяжу прайшлі хутка, але чакалі з допыту 4 гадзіны. Адну дзяўчыну так і не адпусцілі».
На пытанні, ці дапытваюць на мяжы тых, хто доўга не быў у краіне, адказы розныя. Вось два, якія напісалі на мінулым тыдні:
«Выбарачна бяруць. Мая сястра з беларускім пашпартам 5 гадоў не была ў Беларусі. Бедны аўтобус цэлую гадзіну яе чакаў, бо «наш служыцель» 20 хвілін з ёй размаўляў, а потым астатні час у баку курыў, але яе не адпускаў, пакуль яна кіпіш не падняла. Не ведаю, што твораць».
«Варшава — Мінск, 8 ліпеня. У 16.05 праверка пашпартоў у аўтобусе на беларускай мяжы. Прайшлі хутка, на размовы не бачыла, каб кагосьці адводзілі. Я не была 6 гадоў у РБ і маральна была да размовы гатовая, але яе не было. Аўтобус з рэнтгена доўга чакалі. Выехалі ў Мінск у 22.00».
У прыгранічных чатах пішуць, што допыты на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам праводзяць кожны дзень. Іх называюць «размовамі», «дыялогамі», «фільтрацыяй», «апытаннем».
Вось некаторыя паведамленні, у якіх ёсць пэўныя падрабязнасці:
«11 ліпеня. У 07.15 пашпартны кантроль у беларусаў. У 10.45 аўтобус выехаў з рэнтгену РБ. У 13.10 выехалі з мяжы РБ. Доўга чакалі людзей з допыту».
«11 ліпеня ў 15.15 — пашпартны і мытны кантроль Беларусі. Хвілін 30 чакалі аўтобус з рэнтгена і гадзіны паўтары — людзей з размоў. У 17.00 выезд з мяжы».
«Тарэспаль — Брэст. У 14 гадзін 12 ліпеня падсеў у шосты аўтобус. Польскі рух заняў 5 гадзін. Што гэтыя таварышы ў пагонах робяць, наогул не зразумела. Прайшлі пашпартны кантроль і мытню за 5 хвілін на чалавека. З аўтобуса, які стаяў наперадзе, пры мне забралі шэсць ці сем чалавек у нейкую камору каля пашпартнага кантролю. Відаць, з-за такіх дзеянняў і калапс».
«12 ліпеня ў нашым аўтобусе на размову пайшлі 5 чалавек, усе беларусы».
«Адштампаваліся і доўга стаялі ўжо каля нашых. Аўтобус на рэнтген. У 10.15 селі ў аўтобус. На пашпартным 7 чалавек на размову забралі. Стаялі, чакалі. Шмат аўтобусаў нас аб'ехала. У 12.25 выезд у РБ».
«Аўтобус Вільнюс — Гродна, 13 ліпеня. У 01.25 пад'ехалі да беларусаў. У 01.30 зайшлі на пашпартны кантроль. Дзвюх жанчын запрасілі на размову, але вельмі хутка адпусцілі. У 02.25 выехалі з мяжы».
«РП — РБ, 13 ліпеня. У 02.00 пад'ехалі на пашпартны кантроль, перад намі 2 аўтобусы. У 02.49 пашпартны кантроль РБ. У 03.50 прайшлі пашпартны, чакаем чалавека з размовы. У 04.50 выехалі з пункта пропуску».
«Уроцлаў — Мінск (з перасадкай у Марыямпалі), 14 ліпеня. У 11.10 пачатак пашпартнага кантролю РБ з усімі рэчамі праз сканер. 5 чалавек на размовы, аўтобус на рэнтген. Выезд з мяжы ў 12.25».
Як сілавікі правяраюць іншаземцаў на мяжы
У прыгранічных чатах адзначаюць, што дапытваюць на мяжы Беларусі наогул усіх іншаземцаў.
«Не толькі ўкраінцаў бяруць — немцаў, палякаў і г. д. Усіх іншаземцаў».
Сям'я ўкраінцаў сама расказала, як іх дапытвалі на мяжы Беларусі з Латвіяй:
«Сама размова нядоўга — хвілін 5—10. Доўга чакалі, нас з агульнай чаргі прыбралі, мы сумна назіралі, як усе праходзяць і праязджаюць. Гадзіны 2, напэўна, а потым у канец чаргі».
Таксама беларусы адзначаюць, што на мінулым тыдні ўкраінцаў дапытвалі доўга і старанна. Некаторых не ўпусцілі ў краіну.
«РП — РБ, 9 ліпеня. У 09.30 — беларускі пашпартны кантроль. У 10.00 выйшлі з пашпартнага кантролю РБ, чакаем аўтобус з праверкі, потым чакаем грамадзян Украіны. У 10.55 выязджаем».
«У 14.44 [10 ліпеня] мама пісала, што прайшлі нашых, за ёй было пару чалавек яшчэ. Украінцаў шмат было, сказалі, гадзін 5—8 допыту забяспечана, зараз званіла ім, не падымае, будзе што вядома, адпішу».
«10 ліпеня шмат аўтобусаў, плюс вельмі шмат украінцаў забіраюць на допыты і амаль усе аўтобусы на сканер».
«РП — РБ, 11 ліпеня. У 18.30 паклікалі на пашпартны кантроль Беларусі. У 19.35 прайшлі, 3 украінцаў не пусцілі ў Беларусь, чакаем яшчэ людзей. У 20.05 выязджаем».
«РП — РБ, 11 ліпеня. Праходжанне ўнутры заняло 8 гадзін. Вельмі павольна ўсё. Украінцаў асабліва доўга правяраюць».
Але часам здараецца цуд, і ўкраінцаў не забіраюць на допыты на мяжы Беларусі. Такі выпадак адбыўся 11 ліпеня ў пункце пропуску «Брэст».
«У аўтобусе было шмат украінцаў, чалавек 10 дакладна, стаялі на ўездзе перад беларускім шлагбаумам, зайшоў памежнік, спытаў, якія ў ўкраінцаў пашпарты, ці ёсць у іх расійскія пашпарты. Потым увесь аўтобус адправілі на пашпартны кантроль прама ў будцы перад шлагбаумам на ўездзе ў РБ. Ніводнага ўкраінца не забралі на допыт. Але пекла пачалося на беларускай мытні».
Што пытаюцца ў чатах пра праверкі тэлефонаў і размовы на мяжы Беларусі
У асноўным у прыгранічных чатах пра праверкі тэлефонаў і размовы пытанні задаюць грамадзяне Украіны. Або беларусы, якія хочуць прыехаць у краіну з украінцамі, чакаюць у сябе ў госці ўкраінцаў. Адно з такіх пытанняў:
«Усім прывітанне! Інтымнае пытанне: хочам з'ездзіць у РБ з Польшчы, дзяўчына-ўкраінка. Могуць быць нейкія складанасці на мяжы? Моцна чапляюцца? У абодвух (я беларус) тэлефоны правераць? Пытанні ў адэкватнай манеры ці з разраду: «Вы хаваеце ў сябе ворагаў рэйха?!»
На такія пытанні звычайна адказваюць разгорнута. І дзеляцца падрабязнасцямі допытаў.
«Усё адэкватна, чынна і культурна. У яе тэлефон дакладна будуць старанна правяраць. Пытанні адэкватныя: дзе жывяце, чым займаецеся і г. д. Калі, вядома, нічога падазронага не знойдуць».
«Пытанні з разраду: адкуль едзеце, куды, навошта, дзе плануеце пражываць падчас знаходжання ў РБ і г. д. Ну і тэлефон правераць на прапаганду, лайкі, рэпосты і г. д.»
«Калі ёсць грамадзянства Украіны, то 100% на фільтрацыю. Калі грамадзянства РБ, то на размову, калі засвяціліся ў падзеях 2020 года, альбо не былі ў РБ больш за год, то могуць выклікаць, а могуць і не выклікаць».
«Калі толькі грамадзянства Расіі, то не. У мяне расійскі і чэшскі — ніколі не клічуць. У маёй жонкі чэшскі і ўкраінскі пашпарт — заўсёды ідзе на размовы з праглядам тэлефона. У апошні раз наогул трое камітэтчыкаў было. Адзін глядзеў тэлефон, другі размаўляў, а трэці ў баку назіраў».
«Прыйдзецца прайсці фільтрацыю з размовай з асабістам і праверкай сацсетак, тэлефона і г. д. на наяўнасць чаго-небудзь супраць РФ або РБ. Калі знойдуць, то разварот з пастаноўкай штампа ў пашпарце ў адмове на ўезд [у Беларусь] на нявызначаны тэрмін».