БЕЛ Ł РУС

Украіна ракетным ударам пакінула расійскую элітную брыгаду марпехаў без камандавання

14.07.2025 / 15:59

Nashaniva.com

2 ліпеня ў выніку ракетнага ўдару, які Узброеныя сілы Украіны нанеслі з HIMARS па пасёлку Коранева ў Курскай вобласці, быў знішчаны часовы штаб расійскіх вайскоўцаў. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, у выніку загінулі як мінімум шэсць высокапастаўленых афіцэраў 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту, піша выданне «Новая газета — Европа».

Фота: Аляксея Гардзееў / Ведомости 

Сярод загінулых быў генерал-маёр Міхаіл Гудкоў, пра гібель якога паведамлялася раней. Нядаўна ён быў прызначаны намеснікам галоўнакамандуючага ВМФ Расіі па берагавых войсках і артылерыі. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пасмяротна ўзнагародзіў яго другой «Залатой зоркай», зрабіўшы Гудкова першым двойчы героем Расіі.

Цяпер жа стала вядома, што разам з ім загінулі падпалкоўнік Нарыман Шыхаліеў, палкоўнік Сяргей Ільін, капітан другога рангу Аляксандр Шыпуноў, начальнік штаба палкоўнік Леанід Башкардзін і ягоны памочнік маёр Шаміль Муртазаліеў.

Агульная колькасць загінулых магла дасягнуць 12 чалавек — у асноўным гэта былі камандзіры падраздзяленняў і ключавыя службовыя асобы брыгады. Удар прыйшоўся на момант, калі асабовы склад знаходзіўся на пастраенні.

155-я брыгада з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўдзельнічала ў баявых дзеяннях ва Украіне і, паводле звестак украінскай разведкі, датычная да ваенных злачынстваў у Бучы, Ірпені і Гастомелі, уключаючы забойствы мірных жыхароў і палонных. У жніўні 2024 года байцы гэтай брыгады апублікавалі жорсткае відэа з галавой украінскага салдата, насаджанай на кол.

Чытайце таксама:

Загінуў камандзір 155-й брыгады, вайскоўцаў якой абвінавачвалі ў забойствах жыхароў Бучы

Начальнік сувязі 8-й арміі загінуў у выніку ўдару ўкраінскімі ракетамі

Каментары да артыкула