Сын супрацоўніка беларускага КДБ вербаваў у Польшчы людзей для нападу на расійскіх апазіцыянераў
Бізнесмен з Беларусі Віктар П. быў пасярэднікам пры вярбоўцы людзей, якія нападалі на расійскіх апазіцыянераў у некалькіх краінах свету. Ягоны бацька — супрацоўнік беларускага КДБ, паведамляе Most са спасылкай на Rzeczpospolita.
Фота: Bialystok.policija.gov.by
Пра Віктара П. стала вядома падчас расследавання нападу на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава. У сакавіку 2024 года ён быў збіты малатком каля свайго дома ў Вільні. Аднак былі і іншыя напады на людзей, звязаных з Фондам барацьбы з карупцыяй, заснаваным Аляксеем Навальным. Іх выканаўцаў таксама вербавалі ў Польшчы. У чэрвені 2023 года ў Жэневе зламыснікі закідалі яйкамі Івана Жданава, блізкага паплечніка Навальнага. У верасні 2023 года ў Буэнас-Айрэсе невядомы ўдарыў жонку эканаміста Максіма Міронава.
У Польшчы расследаванне нападаў вядзе пракуратура сумесна з Агенцтвам унутранай бяспекі. Падазраванымі па справе праходзяць 11 чалавек, у тым ліку грамадзянін Беларусі Віктар П., які пражывае ў Польшчы, і грамадзянін Расіі Анатоль Б. Следства ўстанавіла, што расіянін заказваў і аплачваў напады, а беларус вербаваў выканаўцаў — грамадзян Польшчы з крымінальным мінулым. Таксама ён выконваў ролю пасярэдніка паміж заказчыкам і выканаўцамі.
Паводле даных выдання Rzeczpospolita, Віктар П. — сын супрацоўніка беларускага КДБ. Ён легальна пражывае ў Польшчы. Раней СМІ пісалі, што польскія праваахоўнікі выстаўлялі Віктару П. абвінавачанне ў махінацыі з вяртаннем ПДВ. Беларускi бізнесмен пазнаёміўся з Анатолем Б. у адным з казіно.
З верасня 2024 года Анатоль Б. знаходзіцца пад вартай, Віктар П. і іншыя фігуранты справы — на волі.