БЕЛ Ł РУС

Былы прэзідэнт Малдовы марыць пасля выбараў аднавіць адносіны з Лукашэнкам

13.07.2025 / 22:21

Nashaniva.com

Лідар прарасійскіх сацыялістаў Малдовы, былы прэзідэнт гэтай краіны Ігар Дадон пасля візіту ў Маскву наведаў і Мінск, дзе 12 ліпеня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён паабяцаў, што ў выпадку перамогі на хуткіх выбарах у Малдове выведзе адносіны паміж дзвюма краінамі на «новы ўзровень».

Паводле Ігара Дадона, у апошнія тры гады тавараабарот паміж Малдовай і Беларуссю знізіўся, але ёсць усе шанцы для яго росту. Ён адзначыў, што пасля перамогі на парламенцкіх выбарах плануе зняць перашкоды для ўзаемнага гандлю, аднавіць працу міжурадавай камісіі, арганізоўваць бізнэс-форумы і рэалізоўваць сумесныя праекты з беларускімі кампаніямі.

Дадон назваў Беларусь «надзейным і прадказальным партнёрам» і выказаў перакананне, што «з прыходам адказных палітыкаў да ўлады» адносіны паміж краінамі палепшацца.

Раней, 10 ліпеня, Дадон пабываў у Маскве, дзе сустрэўся з намеснікам кіраўніка ўрада Расіі Аляксандрам Новакам. Яны абмяркоўвалі магчымасць аднавіць прамыя пастаўкі расійскага газу ў Малдову — «пасля змены ўлады» на выбарах.

Таксама стала вядома, што Дадон вядзе перамовы пра стварэнне левага палітычнага блока напярэдадні парламенцкіх выбараў.

Чытайце таксама:

У Маскве паведамілі пра стварэнне пад выбары ў Малдове прарасійскага блока

Пракуратура Малдовы патрабуе прыгаварыць кіраўнічку Гагаузіі да дзевяці гадоў турмы

Малдова забараніла ўезд у краіну беларускай зборнай па кікбоксінгу. У яе складзе быў і Дзмітрый Шакута

Каментары да артыкула