БЕЛ Ł РУС

Шоу ці дыпламатыя? Чаму кіраўнік Албаніі рэгулярна становіцца на калена перад прэм'ерам Італіі Мелоні?

12.07.2025 / 9:22

Nashaniva.com

Чаму 62-гадовы палітык так дэманстратыўна гэта робіць і што кажуць пра гэта ў яго краіне?

Фота: Armando Babani / Getty Images

Прэм’ер-міністр Албаніі Эдзі Рама ўжо некалькі разоў звяртаўся да аднаго і таго ж рытуалу — ён станавіўся на калена перад кіраўніцай урада Італіі Джорджай Мелоні. Прычым адбываецца гэта падчас афіцыйных мерапрыемстваў, піша Бі-бі-сі.

Яго паводзіны выклікаюць усмешку ў прысутных, але для спадарыні Мелоні а, гэтая сітуацыя не зусім зручная.

Чаму 62-гадовы палітык так дэманстратыўна гэта робіць і што кажуць пра гэта ў яго краіне?

«Мая дарагая сястра»

10 ліпеня ў Рыме, на Канферэнцыі па пытаннях аднаўлення Украіны, Эдзі Рама павіншаваў Джорджу Мелоні, стаўшы на калена. Было бачна, як італьянская прэм’ерка спрабуе нешта сказаць яму і ўсміхаецца. Эдзі Рама падняўся з кален, калі Мелоні падышла, і яны абняліся.

Пасля гэтага палітыкі нешта абмеркавалі, перш чым пачаць пазіраваць для афіцыйнага фота. У сваёй прамове Эдзі Рама падзякаваў Джорджы Мелоні за арганізацыю мерапрыемства і назваў яе «любімай сястрой».

«Мая дарагая сястра Джорджа Мелоні сёння нагадаў усім, што ўсе дарогі вядуць у Рым», — заявіў албанскі прэм’ер.

Падобная сітуацыя адбылася не ўпершыню. Падчас шостага саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які адбыўся 16 мая ў албанскай сталіцы Тыране, Эдзі Рама таксама станавіўся на калена перад італьянскай прэм’еркай.

Албанія прымала больш за 40 еўрапейскіх лідараў, і як гаспадар, Эдзі Рама сустракаў усіх гасцей саміту.

Тады некаторыя СМІ пісалі, што албанскі прэм’ер такім рыцарскім спосабам праявіў павагу да жанчыны-прэм’ера.

Сама Джорджа Мелоні, для якой такі ўчынак быў, здаецца, нечаканым, сказала: «Ён робіць гэта толькі, каб быць са мной аднаго росту».

СМІ пісалі тады, што рост Эдзі Рамы — 201 см, а Джорджы Мелоні — 163 см.

Тэатральны акт ці дыпламатыя

Аднак такія паводзіны албанскага прэм’ера рыцарскімі і дарэчнымі лічаць далёка не ўсе. Яго апаненты ў Албаніі звярнуліся да рэзкай крытыкі і нават паставілі яго каленапрыкланенне ў гістарычны кантэкст.

Эдзі Рама і Джорджа Мелоні. Фота: Armando Babani/Getty Images

«Тэатральным актам, напоўненым небяспечным падтэкстам», назвала гэты ўчынак у маіі, калі гэта здарылася ўпершыню, выданне Alb Media.

«Уяўляеце сабе канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца, які стаіць на каленях перад Джорджай Мелоні ў Берліне? Ці Макрона на Елісейскіх палях? Не. Бо сапраўдныя лідары нікому не пакланяюцца», — піша выданне і згадвае таксама «балючую гісторыю паміж Албаніяй і Італіяй з часоў фашысцкай акупацыі».

«Прэм’ер-міністру падабаецца шоу, якое ставіць яго ў цэнтр увагі. (…) Ён ужо ператварыў гэта ў традыцыю — ладзіць шоу нават там, дзе гэта не патрэбна», — адзначае іншае выданне Tetova News.

Баскетбол і жывапіс

Стыль і паводзіны албанскага прэм’ера пастаянна трапляюць на фота і відэа. На Еўрасаміце ў маі журналісты адзначылі яго павышаную ўвагу не толькі да Джорджы Мелоні, але і да іншых жанчын-палітыкаў.

А таксама да стылю адзення, у прыватнасці, белых красовак са зорачкай разам з афіцыйным касцюмам. Эдзі Рама ў Албаніі застаецца папулярным палітыкам ужо больш за 10 гадоў. Ён прыйшоў да ўлады на хвалю барацьбы з камунізмам напрыканцы 90‑х мінулага стагоддзя.

З таго часу Рама працаваў міністрам культуры, потым 11 гадоў быў мэрам Тыраны. Кіраўніком урада станавіўся тройчы. Упершыню ў 2013 годзе пасля пераканаўчай перамогі Сацыялістычнай партыі на парламенцкіх выбарах. У 2014 і 2021 гадах яго партыя зноў выйграла выбары і прадставіла яго на пасаду прэм’ер-міністра.

А да таго, як стаць палітыкам, Эдзі Рама прафесійна займаўся баскетболам, а таксама жывапісам і скончыў Нацыянальную вышэйшую школу выяўленчага мастацтва.

Чытайце таксама:

Прэм'ер Албаніі сустрэў Джорджу Мелоні ў Тыране рыцарскім паклонам ВІДЭА

«У мяне тая ж праблема». Прэм'ер Албаніі расказаў анекдот пра Пуціна і Прыгожына

Каментары да артыкула