БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы знайшлі жудасную прычыну, чаму людзі ўпершыню завялі хатніх катоў

12.07.2025 / 13:38

Nashaniva.com

Вынікі новых даследаванняў прымушаюць перагледзець нашы ўяўленні пра паходжанне хатніх катоў. Людзі маглі пачаць іх утрымліваць не дзеля сяброўства ці знішчэння грызуноў, а з іншай нагоды, якая зусім не гуманная.

Доўгі час лічылася, што кот стаў спадарожнікам чалавека яшчэ ў неаліце. Каля 9000 гадоў таму паўночнаафрыканскія дзікія каты (Felis lybica) пачалі сяліцца каля першых земляробчых паселішчаў. Згодна з гэтай гіпотэзай, склады збожжа прыцягвалі грызуноў, а тыя — катоў, што прывяло да паступовага ўзаемавыгаднага суіснавання і ўрэшце да прыручэння.

Аднак, як піша BBC Science Focus, новае даследаванне пад кіраўніцтвам археолага доктара Шона Доэрці з Эксетэрскага ўніверсітэта ставіць гэтую мадэль пад сумнеў.

На падставе аналізу костак, генетычных даных і малюнкаў катоў у старажытным мастацтве навукоўцы сцвярджаюць: сапраўднае прыручэнне гэтых жывёл пачалося ў Старажытным Егіпце прыблізна ў другім-першым тысячагоддзі да нашай эры.

Каманда Доэрці выкарыстала зоаархеалагічны, генетычны і радыёвугляродны аналіз для датавання парэшткаў катоў, знойдзеных на археалагічных помніках па ўсёй Еўропе і Паўночнай Афрыцы, якія датуюцца ад старажытных часоў да сучаснасці.

Косці з 9500-гадовай вёскі земляробаў на Кіпры, якая калісьці лічылася адным з месцаў ранняга прыручэння, аказаліся больш падобнымі да дзікіх катоў.

Па словах Доэрці, некаторыя памылкі ў датаванні маглі быць звязаныя з тым, што косці катоў малыя і з часам могуць перамяшчацца паміж пластамі глебы. Таму для ўдакладнення ўзросту навукоўцы звярнуліся да радыёвугляроднага аналізу, які паказаў: шэраг астанкаў насамрэч значна маладзейшыя, чым меркавалася.

Усё гэта сведчыць аб тым, што храналогія прыручэння катоў насамрэч больш позняя, чым лічылася.

Паводле даследчыкаў, хоць змаганне з грызунамі, безумоўна, адыгрывала пэўную ролю ў прыручэнні катоў, галоўным фактарам магла быць рэлігія. У Егіпце каты сталі свяшчэннымі жывёламі багіні Баст, і мільёны гэтых жывёл вырошчваліся спецыяльна для ахвярапрынашэння.

Муміі катоў. Фота: Getty Imags

«Сувязь паміж хатнімі катамі і багіняй Баст дасягнула піку ў першым тысячагоддзі да нашай эры, — сцвярджае Доэрці. — У храмах, прысвечаных ёй, знаходзяць мільёны муміфікаваных катоў. Іх было так шмат, што ў віктарыянскую эпоху тоны іх мумій прывозілі ў Брытанію для перамолу і выкарыстання ў якасці ўгнаення».

У працэсе масавага развядзення катоў для рытуальных ахвярапрынашэнняў паступова адбіраліся тыя, хто быў больш спакойны і прыдатны да ўтрымання. Так, з цягам часу, і з’явіўся хатні кот.

У другім даследаванні, сааўтарам якога таксама з'яўляецца Шон Доэрці, быў праведзены аналіз 87 геномаў катоў — старажытных і сучасных.

Навукоўцы не знайшлі доказаў таго, што хатнія каты трапілі ў Еўропу разам з неалітычнымі фермерамі. Замест гэтага высветлілася, што яны з'явіліся ў Еўропе толькі каля 2000 гадоў таму — хутчэй за ўсё, з Паўночнай Афрыкі.

«Вынікі сведчаць, што наша блізкасць з катамі не звязаная з працягласцю сумеснага жыцця, як гэта было з сабакам», — падсумоўвае вучоны.

Чытайце таксама:

Навукоўцы распрацавалі вакцыну ад алергіі на катоў

Кошку забыліся ў самалёце, і яна за суткі зрабіла тры пералёты

Знойдзеныя ў Егіпце самыя старажытныя ў свеце іерогліфы шакавалі навукоўцаў

Каментары да артыкула