У Казахстане вырашылі адстраляць амаль мільён сайгакаў
У Казахстане прынялі рашэнне аб масавым адстрэле сайгакаў. Плануецца ліквідаваць каля 800 тысяч асобін, або прыкладна 20% ад агульнай папуляцыі, якая на сённяшні дзень дасягнула 3,9 мільёна. Адстрэл будзе праходзіць да 30 лістапада.
Сайгак. Фота: Wikimedia Commons
Прычынай такога рашэння стаў рэзкі рост колькасці сайгакаў, які ўжо ўтрая перавышае гістарычны максімум. У адной толькі Заходне-Казахстанскай вобласці (з цэнтрам ва Уральску) іх больш за 2,3 мільёна.
У выніку рэзкага росту пагалоўя сайгакам не хапае кармавой базы ў традыцыйных месцах пражывання, таму яны знішчаюць сельгасугоддзі.
У казахстанскіх урадзе сцвярджаюць, што гэтая крайняя мера неабходная для захавання экалагічнага балансу і заснаваная на навуковых высновах і міжнародным досведзе (напрыклад, Аўстраліі, Канады і ЗША).
Паводле плана, з адстрэляных жывёл 40% будуць дарослыя самцы, 40% — дарослыя самкі, яшчэ 20% — маладыя асобіны.
Улады таксама спадзяюцца, што змогуць атрымаць з гэтай справы прыбытак, бо мяса сайгака лічыцца экалагічна чыстым, а рынак яго мяса, шкур і рагоў ацэньваецца ў мільярды даляраў.
Такім чынам, Казахстан мае намер адначасова абараніць экасістэму і атрымаць эканамічную выгаду. Але рашэнне ягонага ўрада выклікала спрэчкі, асабліва ўлічваючы тое, што сайгакі як від знаходзяцца пад аховай у суседніх краінах.
Чытайце таксама:
Здабыванне паляўнічымі зуброў узрасло ў тры разы
«Жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці». У Аўстраліі з верталёта расстралялі да 700 каал