Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай
Адпаведнае рашэнне сёння было апублікавана на сайце Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
Аляксандр Машэнскі
Варшава палічыла беларускага мультымільянера Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай і ўнесла яго ў санкцыйныя спісы.
У дачыненні да Аляксандра Машэнскага прымяняюцца наступныя меры:
- Замарожванне фінансавых сродкаў і маёмасці, якая яму належыць ці знаходзіцца пад яго кантролем.
- Забараняецца перадаваць яму фінансы ці эканамічныя рэсурсы (наўпрост ці ўскосна).
- Забарона на ўдзел у любых схемах, што абыходзяць гэтыя абмежаванні.
- Выключэнне з удзелу ў дзяржаўных закупках і конкурсах у Польшчы.
- Унясенне ў спіс іншаземцаў, чыё знаходжанне ў Польшчы лічыцца непажаданым.
У аргументацыі рашэння адзначаецца, што Аляксандр Машэнскі мае цесныя асабістыя, палітычныя і дзелавыя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён з'яўляецца кіраўніком буйной кампаніі «Санта-Брэмар», якая атрымлівае асаблівыя льготы ад беларускага ўрада і займаецца гандлем з Расіяй. Машэнскі таксама звязаны з малочнай прамысловасцю праз кампанію «Савушкін прадукт», якая мае доступ да дзяржаўных рэсурсаў і прадпрыемстваў.
Польскія ўлады звяртаюць увагу, што ён падтрымліваў Лукашэнку, у тым ліку падчас выбараў 2020 года і ўдзельнічаў у «таемнай інаўгурацыі». Быў узнагароджаны ордэнам, уваходзіць у блізкае кола Лукашэнкі і карыстаўся дзяржаўнымі самалётамі больш за 30 разоў.
Усё гэта, на думку польскіх уладаў, сведчыць пра глыбокую інтэграцыю Аляксандра Машэнскага ў беларускі аўтарытарны рэжым. Таму яго знаходжанне ў Польшчы можа ўяўляць пагрозу бяспецы дзяржавы, асабліва ў кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны і ўдзелу Беларусі ў падтрымцы гэтых дзеянняў.
У аргументацыі згадваюцца засакрэчаныя лісты начальніка разведкі і спецслужбаў. У Машэнскага ёсць 30 дзён на абскарджванне рашэння.
Вядома, што апошнія гады сям'я бізнэсмена жыла ў Варшаве, а сам ён рэгулярна да яе ездзіў.
Чытайце таксама:
Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён
Уладальнік «Савушкавага прадукта» і «Санта-Брэмара» тры гады жыве ў Варшаве