БЕЛ Ł РУС

«Ціханоўскі нам вярнуў самае галоўнае пытанне». Пра што кажа Чалы?

8.07.2025 / 17:9

Nashaniva.com

Аналітык Сяргей Чалы ацаніў уплыў вызвалення Ціханоўскага на беларускае грамадства.

«Ціханоўскі вярнуў нам цяпер у дыскурс пытанне, якое наўпрост не ставіцца, але якое маецца на ўвазе абсалютна ва ўсіх абмеркаваннях, якія звязаныя з вось гэтай новай сітуацыяй, — што ж сапраўды было ў 2020 годзе? (…) 2020 год гэта што? Перамога ці параза?»

— адзначыў эканаміст Сяргей Чалы ў новым выпуску ютуб-праекта «Обычное утро».

Адзінага адказу на гэтае пытанне ў грамадства няма.

На асабісты погляд Чалага, падзеі 2020 года мелі характар буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, за якой наступіла дастаткова хуткая контррэвалюцыя.

Чалы падкрэслівае, што пратэсты 2020 года нельга назваць нацыянальна-вызваленчай барацьбою:

«Я асабіста памятаю, што на мітынгу Ціханоўскай, самым значным, які сабраў каля 60 000 людзей на [плошчы] Бангалор, быў і чырвона-зялёны сцяг, і бел-чырвона-белы, і еўрапейскі. Былі розныя сцягі, і не гэтае пытанне стаяла. Гэта не было пытанне геапалітычнага выбару. Гэта было пытанне буржуазна-дэмакратычный рэвалюцыі, таму што мы насамрэч мелі справу з неафеадалізмам».

«Так перамога гэта ці параза? Падманулі нас ці гэта ўсё ж такі гісторыя, якой нам трэба ганарыцца, а не аплакваць і гараваць з гэтай нагоды пастаянна? Гэта пытанне да гэтай пары не вырашана. Я бачу, што ёсць людзі, якія прытрымліваюцца вельмі розных пунктаў погляду».

Чалы прапануе канцэпцыю, як можна ставіцца да тых падзей, — «рэвалюцыі, якая перамагла, але была скрадзена».

У гэтым кантэксце аналітык нагадвае гісторыю Польшчы, якая ведае шмат прыкладаў паўстанняў, якія былі задушаныя:

«Уся гісторыя параз была ўкладзена ў славутую гісторыю Польшчы аб тым, калі б мы тады «сядзелі на жопе роўна і не абаранялі сваю годнасць, у нас не было б таго, што ў нас ёсць цяпер».

Чалы адзначае, што менавіта адзіны погляд на сваё мінулае з'яўляецца галоўным крытэрыем для вызначэння нацыі:

«Давайце паспрабуем якое-небудзь вызначэнне, які-небудзь самы галоўны крытэрый. (…) Абавязкова высветліцца, што мы знаходзім выпадак, калі нацыя існуе, а гэты крытэрый не з'яўляецца вызначальным. Але ёсць адзін, як мне здаецца, без якога нацыя жыць не можа — агульны погляд на сваё гістарычнае мінулае, адзіны наратыў, які апісвае, як яна нарадзілася, як яна жыла, дзе знаходзіцца цяпер і куды яна рухаецца далей. І вось без гэтага наратыву няма насамрэч нацыі».

На погляд аналітыка, цяпер беларускае грамадства мае некалькі розных пунктаў гледжання на гэты конт, што ўносіць раскол у грамадства. І гэта не праблема, якую стварыў Ціханоўскі, ён толькі яе выявіў:

«Калі мы не можам вызначыцца па падзеях 2020-2025 гадоў, то-бок тых, якія проста ляжаць перад носам, то, безумоўна, мы маем сітуацыю расколу. І не Ціханоўскі яго ўнёс. Ён яе толькі праявіў».

Толькі пасля адказу на гэтае пытанне, падкрэслівае Чалы, можна ісці далей:

«Калі мы палічым, што гэта паражэнне, але тое самае паражэнне, без якога немагчымы ніякія іншыя перамогі, то тады мы павінны, які мінімум, зрабіць нейкія ўрокі. То-бок, які фактар быў [рашаючым], чаму гэтыя выбары былі выйграны, а ўсе папярэднія (…) прайграны. І на гэтае пытанне трэба адказваць».

Чалы заўважае, што ў яго ёсць свой адказ на пастаўленае пытанне, які можа шмат каму не спадабацца:

«Тактычна, чаму перамога адбылася, таму што была створана шырокая кааліцыя. Сцягі былі розныя, мовы былі розныя, людзі былі з рознымі геапалітычнымі арыентацыямі, можа быць, з рознымі каштоўнаснымі ўстаноўкамі, але яны аб'ядналіся ў сітуацыйную кааліцыю дзеля адзінай мэты. І вось гэта з'яўляецца галоўным вынікам 20-га года і нашым дасягненнем — што гэта кааліцыя магчыма (…) паверх тых бар'ераў, якія паміж намі існуюць».

Паводле аналітыка, вяртанне Ціханоўскага вымагае не замоўчваць, а выказваць тое, што дагэтуль засталося нявыказаным:

«Я лічу, што цяпер сусветна-гістарычнае значэнне Ціханоўскага ў тым, што ён праявіў, як раней гаварылі фатографы (ёсць праявіцель і ёсць замацавальнік), рэчы, якія існуюць, аб якіх неабходна гаварыць».

Чытайце таксама:

Ціханоўскі: Лукашэнку трэба судзіць па лукашысцкіх законах, але пасадзіць на кол

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам

Іван Краўцоў: Заявы Ціханоўскай выглядаюць крывадушнымі

Каментары да артыкула