Камароўскі рынак чакае глабальная рэканструкцыя
Заменяць амаль усе вітрыны — каля 380 штук.
Ухвалена канцэпцыя рэканструкцыі крытага Камароўскага рынку. Пра гэта паведаміў гендырэктар дзяржпрадпрыемства «Мінскі Камароўскі рынак» Мікалай Хмяльніцкі, пішуць «Мінск-навіны».
Плануецца, што работы зоймуць каля двух гадоў. Сам крыты рынак на час работ зачыняцца не будзе.
— Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне сучаснай гандлёвай прасторы для пакупнікоў і прадаўцоў, — паведаміў Мікалай Хмяльніцкі.
— Яна ўключае замену практычна ўсіх вітрын — каля 380 штук — а таксама пашырэнне зоны абслугоўвання.
Акрамя таго, плануем усталяваць дадатковае халадзільнае абсталяванне. Дадатковае асвятленне не толькі палепшыць вонкавы выгляд рынку, але і дапаможа ў навігацыі па ім. Плануецца, што работы пачнуцца з шэрагаў, дзе прадаецца мясная прадукцыя.
У склад прадпрыемства «Мінскі Камароўскі рынак» уваходзяць таксама два невялікія рынкі на поўдні сталіцы — Курасоўшчынскі і Чыжоўскі.
Як паведаміў М. Хмяльніцкі, цяпер на Чыжоўскім рынку занята каля 83 % месцаў, на Курасоўшчынскім — 65 %. Непасрэдна на Камароўскім занята 82 % гандлёвых месцаў.
— Запрашаем як вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, так і іншых арандатараў, — падсумаваў М. Хмяльніцкі.