У Мінску з'явіўся новы папрашайка. Вось на што ён просіць грошы
У TikTok з’явілася відэа, знятае некалькі дзён таму ў Мінску. На роліку малады чалавек вырашыў дапамагчы пажылому мужчыну, які сядзеў каля аптэкі па адрасе праспект Пераможцаў, 129, і прасіў грошы на «лекі для сэрца», піша Onliner.by.
Па словах мужчыны, патрэбных яму таблетак у гэтай аптэцы нібыта не аказалася, а купіць іх можна толькі каля 2-й бальніцы. На пытанне, чаму ён тады збірае грошы менавіта тут, мужчына адказаў, што тут яму людзі дапамагаюць, а там — не.
Ён папрасіў у мінака 80 рублёў, аднак аўтар роліка даў яму 100 даляраў. Мужчына падзякаваў і запэўніў, што грошы яму сапраўды дапамогуць і ён «ні ў якім разе не падманвае». Аднак ужо на наступны дзень аўтар вярнуўся да той жа аптэкі і зноў убачыў мужчыну, які сядзеў на ранейшым месцы і працягваў прасіць грошы.
У каментарыях пад відэа многія карыстальнікі адзначылі, што часта бачылі гэтага мужчыну на тым жа месцы. Акрамя таго, каментатары сцвярджаюць, што таблеткі для сэрца, пра якія кажа мужчына, ёсць амаль у кожнай аптэцы і прадаюцца па рэцэпце.