Пошук у Google зніжае крэатыўнасць — людзі пачынаюць думаць аднолькава
Цікавыя вынікі эксперыменту.
Даследчыкі з Універсітэта Карнегі-Мелона высветлілі, што частае выкарыстанне пошуку ў інтэрнэце можа сніжаць крэатыўнасць, піша Dev.by.
У эксперыменце прынялі ўдзел 244 студэнты, якіх падзялілі на групы з доступам да Google і без яго. Удзельнікам прапанавалі за тры хвіліны прыдумаць як мага больш нестандартных ужыванняў для звычайных прадметаў — парасона або шчыта.
Вынікі паказалі, што ў адзіночных заданнях інтэрнэт мог трохі дапамагчы, калі выдаваў вялікую колькасць падказак (як у выпадку з парасонам). Але ва ўмовах групавога мазгавога штурму эфект аказаўся адваротным: групы без Google паказвалі больш высокую калектыўную крэатыўнасць.
Аўтары даследавання тлумачаць гэта феноменам «фіксацыі» — калі людзі, убачыўшы распаўсюджаныя прыклады, пачынаюць думаць шаблонна і паўтараць адны і тыя ж ідэі. Доступ да інтэрнэту ўзмацняе гэты эфект: удзельнікі, выкарыстоўваючы Google, часцей прыходзілі да аднолькавых высноў і ў аднолькавым парадку.
У адрозненне ад іх, групы без доступу да пошукавіка прапаноўвалі больш разнастайныя рашэнні, уключаючы ўнікальныя ідэі — тыя, што былі агучаны толькі адным удзельнікам, і тым самым узмацнялі агульную якасць калектыўнага выніку.
Якасць ідэй ацэньвалася па трох крытэрыях: карыснасць, арыгінальнасць і творчая каштоўнасць. У большасці выпадкаў групы без Google пераўзыходзілі «гугл-групы» па карыснасці і агульнай крэатыўнасці, а вось па арыгінальнасці (навізне) розніца была менш значнай.
«Гэта першае даследаванне, якое дэманструе, як інтэрнэт-пошук можа выклікаць эфект фіксацыі і зніжаць разнастайнасць ідэй», — растлумачыў суаўтар працы прафесар Дэні Апенгеймер.
Яго калега Марк Патэрсан дадаў: «Каб знаходзіць нестандартныя рашэнні для складаных грамадскіх задач, нам трэба захоўваць разнастайнасць мыслення — і ў гэтым сэнсе не заўсёды карысна абапірацца на адны і тыя ж анлайн-крыніцы».