Стала вядома пра вызваленне прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева
Адзін з самых таленавітых піяршчыкаў краіны, які адначасова рабіў шмат для культуры, выйшаў на свабоду 11 чэрвеня 2025 года. Ён цалкам адбыў прызначаны чатырохгадовы тэрмін.
Мікалаю Брэдзелеву цяпер 38 гадоў
Кіраўнік упраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалай Брэдзелеў быў затрыманы 10 снежня 2021 года. Сілавікі збілі яго — суседзі па Акрэсціна казалі пра фіялетавыя ногі піяршчыка — і прымусілі прызнацца, што ён нібыта перадаваў «экстрэмістам» звесткі пра абанентаў мабільнага аператара. Кампанія А1 пасля гэта тлумачыла, што Брэдзелеў не меў доступу да інфармацыі пра кліентаў.
Абвінавачванне ў перадачы звестак дайшло да суда як «злоўжыванне ўладай» — але Брэдзелеў быў апраўданы па ім.
А вось за данаты блогеру Антон Матольку прэс-сакратара А1 асудзілі на чатыры гады калоніі. Прычым праект Матолькі стаў «экстрэмісцкім фармаваннем» ужо пасля арышту Брэдзелева.
Скрыншот: відэа БТ
Мікалай адбываў пакаранне ў калоніі №22 Ваўчыныя норы пад Івацэвічамі.
Як паведаміла «Вясна», 11 чэрвеня 2025 года Брэдзелеў выйшаў на свабоду, цалкам адбыўшы прызначанае пакаранне.