Мужчына, што з нажом і ў трусах уварваўся ў мінскую краму, казаў нешта пра зрыў спецаперацыі. ВІДЭА знутры
Учора сталічная міліцыя выехала на выклік: у краме па вуліцы Янкі Брыля ў Мінску знаходзіўся мужчына з нажом у руках. Мінакі знялі момант, як, падобна, яго рыхтаваліся затрымаць, піша Onliner.by.
Як удакладняюць у міліцыі, да моманту прыбыцця супрацоўнікаў ведамства 36-гадовы мужчына па-ранейшаму знаходзіўся ў краме і трымаў у руках нож. Паведамляецца, што мужчыну даставілі ў бальніцу.
Пасля публікацыі навіны чытач Onliner.by даслаў відэа, знятае, з ягоных слоў, унутры крамы. Ён удакладніў адрас: дзеянні адбываюцца на вул. Я. Брыля, 30.
На запісе відаць, як мужчына сапраўды ходзіць па зале з нажом у руках і, падобна, у споднім. Цяжка разабраць, што канкрэтна ён кажа: пачулі нешта пра «зрыў спецаперацыі». У нейкі момант у дыялог з ім спрабуе ўступіць іншы мужчына, які знаходзіцца ў краме. Аднак жаночыя галасы просяць апошняга не правакаваць незнаёмца з нажом.
Дзіўна, што пакупнікі ўвесь гэты час працягваюць заходзіць у краму, не бянтэжачыся таго, што адбываецца. Як удакладняе аўтар відэа, мужчыну з нажом затрымлівалі чацвёра міліцыянтаў.