БЕЛ Ł РУС

Дзмітрыя Лукашэнкі не было з бацькам і братамі на адзначэнні 3 Ліпеня

3.07.2025 / 11:17

Nashaniva.com

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі адсутнасці сярэдняга сына пакуль ніяк не вытлумачыла. 

Аляксандр, Мікалай і Віктар Лукашэнка на ўрачыстым мітынгу з нагоды 3 Ліпеня 2025. Тут і далей — скрыншоты з відэа БелТА

Урачыстае ўскладанне вянкоў да Кургана славы ў Мінскай вобласці адбылося ўранку 3 ліпеня. Яго транслявалі дзяржаўныя тэлеканалы.

Першым ад Аляксандра Лукашэнкі леваруч стаяў Коля Лукашэнка, другім — Віктар. Заўсёды раней з імі быў і сярэдні сын Дзмітрый, кіраўнік Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, праз які збіраюць грошы з бізнэсу на прапагандысцкія патрэбы і праводзяць бізнэс-аперацыі вялікіх маштабаў. Сёння Дзмітрыя не было з братамі.

Раней такога ніколі не бывала. З улікам таго, што Аляксандр Лукашэнка надае выключную ўвагу ўрачыстым рытуалам улады, такая адсутнасць вельмі незвычайная.

Рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню Прэзідэнцкі спартыўны клуб на 45% належыць, сярод іншага, «Гандлёвы дом БелАЗ». Гэта ключавы дылер аднаго з самых прыбытковых заводаў Беларусі. Раней «Наша Ніва» ў сваім расследаванні высветліла, што сістэма выбудаваная так, што прыватныя дылеры БелАЗа атрымліваюць з продажу кар’ерных самазвалаў прыкладна столькі ж, як сам дзяржаўны БелАЗ з яго 9600 супрацоўнікаў. Раскошныя даходы ад Гандлёвага дома БелАЗ атрымлівала і асабіста паэтка-песенніца Ганна Лукашэнка (Сялук).

Ганна Лукашэнка (Сялук) — гэта жонка Дзмітрыя, якая атрымала ў дзяржанне беларускую эстраду. Яна піша песні, арганізоўвае канцэрты і атрымлівае прэміі як аўтарка найлепшых твораў.

У сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка распальваў нянавісць да народаў Еўропы і ЗША.

«Вы бачыце, што адбываецца вакол нас. Захад зноў вырашыў усе свае даўгі і праблемы спаліць у сусветным пажары. І адначасова спаліць некалькі мільёнаў жыхароў нашай планеты, — сцвярджаў Аляксандр Лукашэнка. — Задача ўсіх людзей добрай волі і ў першую чаргу моладзі — аб'яднацца і спыніць вар'ятаў».

«Калі мы разважаем на тэму, хто пацярпеў больш у гэтай вайне, мы павінны памятаць: знішчэнне савецкага народа пачалося тут, з Беларусі. Тут пачалося знішчэнне тых, хто жыў у Савецкім Саюзе. Мы сёння адкрыта называем гэта генацыдам беларускага народа», — сказаў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі

«Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ

Каментары да артыкула