У Мінску мужчына пагражаў нажом людзям у краме
Пра інцыдэнт, які здарыўся ў Мінску на вуліцы Сапегі, 22, паведамляе тэлеграм-канал «Минск. Главное!» на падставе інфармацыі ад сваіх падпісчыкаў.
Фота: t.me/minsk_gl
Па словах сведак, зламыснік увайшоў у краму і пачаў пагражаць наведвальнікам. Людзей хутка эвакуявалі праз аварыйны выхад.
На месца прыбылі міліцыянеры, якія спрабавалі пагаварыць з мужчынам і пераканаць яго супакоіцца. Раптам пачуліся крыкі і гук, падобны на падзенне нажа. Мужчына быў затрыманы.
Пасля з'явілася афіцыйная інфармацыя, што інцыдэнт адбыўся ў краме на вуліцы Янкі Брыля. Паведамленне пра гэта паступіла ў міліцыю ад супрацоўнікаў гандлёвага пункта. На месца здарэння адразу прыехалі супрацоўнікі дэпартамента аховы і аператыўна-дзяжурнай службы Маскоўскага РУУС.
Як паведамілі ў ГУУС сталіцы, на момант прыбыцця сілавікоў 36-гадовы мужчына ўсё яшчэ быў у краме і трымаў у руках нож. Яго даставілі ў медыцынскую ўстанову. Цяпер па факце здарэння вядзецца праверка.