Энігматычны пісьменнік з Палесся Андрусь Горват пераплавіў выпрабаванні 2020-х у кнігу «Дом»
«Надпіс «Няма ў жыцці шчасця» я знішчыў. Таму што гэта няпраўда», — піша Горват. Яго новая кніга — пра адносіны з нараўлянскім палацам Горватаў. Але і пра нас усіх — пасля перажытага, піша Зося Лугавая.
Пры канцы таго самага 2020 года Андрэй Горват рэалізаваў сваю даўнюю мару і стаў саўладальнікам палаца ў Нароўлі, які належаў вядомаму роду Горватаў (не сваякам, а аднафамільцам). Амаль адразу пасля падпісання акта прыёму-перадачы ён пачаў расчышчаць будынак.
Кніга, якую Горват стварыў цалкам сам — і пісаў, і вярстаў — гэта ягоная «гісторыя любові да гэтага дома».
Апошні гаспадар палаца, Эдвард Горват, вымушана пакінуў Нароўлю пры канцы 1918 года, Андрэй Горват — у 2023 годзе.
«Знявечаны часам і людзьмі, ён туліўся на беразе Прыпяці, як вялікі стары сабака, які калісьці быў пародзісты, прыгожы і любімы, але потым быў кінуты, за многія гады страціў надзею і давер і цяпер проста чакаў смерці там, дзе ў апошні раз бачыў свайго гаспадара».
«Дом» — і асабістая, і кранальная кніга. Горват расказвае пра Нараўлянскі палац праз свае пачуцці, уражанні і фантазіі. Рэальнае пераплятаецца з ірэальным. Андрэй Горват ажыўляе для нас тых Горватаў, што жылі ў Нароўлі з другой паловы ХІХ стагоддзя да 1918 года, калі сям’я назаўсёды пакінула гэтыя землі.
Кніга поўная ўяўных галасоў і прывідных постацяў, што жывуць у доме, — яны гуляюць у садзе, ездзяць аглядаць уладанні, прыязджаюць і ад’язджаюць на цягніку і параходзе. Аўтар аднаўляе рысы характараў Караліны Патвароўскай і Артура Горвата — бацькоў Эдварда, а таксама яго першай і другой жонак — Ядвігі Аскерка і Эльфрыды Перль. Ёсць тут і пляменнікі, напрыклад, Андрэй Раствароўскі, які дзіцем пражыў у палацы чатыры гады, — пасля ён напіша пра гэта кнігу ўспамінаў.
Усе Горваты 100-гадовай даўніны — выразныя, але галоўны (пасля самога Дома) герой, Эдвард Горват — амаль жывы. Гэта здзіўляе і захапляе, улічваючы абставіны:
«Я пачаў сачыць за Эдвардам Горватам у 2006 годзе, калі ўпершыню прыехаў у Нароўлю. І найперш мяне цікавіла, як ён выглядаў. Мне трэба было неяк уявіць апошняга гаспадара палаца. Але доўгі час не траплялася ні апісання яго выгляду, ні партрэта. Цэлых дзесяць год Эдвард не меў росту і вагі. Ён то ціхенька краўся па калідоры, то кожным важкім крокам страсаў пыл са сцен. У яго былі вусы і не было вусоў. Ён быў маім любімым героем без твару».
Паступова аўтар аднаўляе партрэт апошняга гаспадара Нароўлі: па ўспамінах, дакументах і выпадкова знойдзеным адзіным фота. Паступова Эдвард стаў высокім, асаністым мужчынам з чырвоным і бесклапотным тварам, чалавекам з тэмпераментам і гумарам. Такім ён і крочыць па старонках кнігі, часам саступаючы першы план сваім продкам, сваякам, жонкам і дзецям.
Андрэй Горват перамешвае мінулыя часы і цяперашнія, і ты часам не да канца разумееш, ці кажа ён пра рэальнае, ці ўяўляе, як бы тое магло быць. Успаміны знаёмых і сваякоў і фантастычна-гістарычнае кіно ў галаве аўтара пераплятаюцца.
«На беразе былі толькі два рыбакі, убраныя па сваёй модзе, якая не мянялася апошнюю сотню гадоў, таму цяжка было сказаць, з якога яны часу. Для нараўлянскіх рыбакоў час рухаўся з той жа хуткасцю, што і вада ў Прыпяці, і не падпарадкоўваўся календарам і гадзіннікам».
Пры гэтым у кнізе даволі шмат дакладнай інфармацыі — з архіваў, дакументаў, кніг. Часам Андрэй Горват нават выбачаецца (а можа і крыху цвеліць чытача) заўвагамі: «Складаныя генеалагічныя перапляценні, пацярпіце».
Пра Андрэя Раствароўскага, аўтара мемуараў пра дзяцінства ў Нароўлі, а заадно і пра сябе, Горват напіша:
«Наўрад ці гэты маленькі хлопчык разумеў тады, што панскі дом выбраў яго, каб захаваць памяць пра сябе (як і я, калі ўпершыню дакрануўся да дома, не разумеў, што ён выбраў мяне для таго ж)».
Гучыць пафасна. Кнігу яшчэ да мяне паспелі назваць «па-добраму пафаснай» з цытатай Святланы Курс (Евы Вежнавец) у дадатак, што пафас — прыкмета шчырасці. «Мае на тое поўнае права», дадала выдатная пісьменніца. Горват піша кнігу, згубіўшы Дом, з якім звязалі яго ці то лёс, ці то Бог, ці то ўласны выбар (хто ў што верыць). Калі Горват прыехаў і пачаў, як мог, клапаціцца пра палац, «людзі на партрэтах маўчалі — выгнаныя з дому за стагоддзе да мяне, яны не мелі адказу». А праз няпоўныя тры гады аўтар сам рушыць эмігранцкім шляхам: «Вечарам я выехаў у Вільню. Так і не развітаўшыся з домам.» Вымушаная эміграцыя ў пэўным сэнсе збліжае інтравертнага аўтара з яго «бесклапотным пазітывістам»-героем.
Інтанацыйна тэкст спакойна-стрыманы. Але горватаўская іронія прарываецца. Як у фрагменце з катом:
«…я не ведаў, ці быў у доме кот, але карміў яго: кожны вечар насыпаў у міску корм, назаўтра знаходзіў міску пустой, але самога ката ніколі не бачыў. Думаю, кот, якога не было, яшчэ болей не разумеў, што адбывалася».
Сям’я Горватаў уратуецца ад савецкай улады і перабярэцца ў свой маёнтак Гажычкі на тэрыторыі Польшчы, дзе апошні гаспадар палаца і скончыць свой зямны шлях. Сям’ю будзе чакаць яшчэ як мінімум адна вялікая трагедыя. А вас у кнізе чакае характэрная горватаўская інтанацыя, за якую так палюбілі ў свой час «Радзіва «Прудок»:
«… цягам апошняга паўстагоддзя на палацавых сценах з’явіліся новыя [надпісы]. Гэта сведчанні, што тут хтосьці быў, і прызнанні ў каханні, пакінутыя нараўлянскімі школьнікамі. Гісторый любові тут многа. Але адзін надпіс — «Няма ў жыцці шчасця» — я знішчыў. Таму што гэта няпраўда».
Андрэй Горват. Дом. — Вільня: 2025